• Рэклямы на беларускай мове ўсё яшчэ мала, але пакрысе становіцца больш
  • Audio3.93 MB
  • 07.06.2011

Рэклямы на беларускай мове ў Менску стала крыху больш. Па-беларуску вырашыла зьвярнуцца да сваіх кліентаў кампанія Ford. А мы захацелі  высьветліць, якія кампаніі й чаму выбіраюць беларускую мову для рэклямы сваёй прадукцыі.

Рэкляму на беларускай мове замовіла фірма “Атлант М Вест” - імпарцёр аўтамабіляў “Ford” у Беларусі.  Кампанія ня ставіла сваёй мэтай прыцягнуць увагу – тлумачыць кіраўнік аадзела маркетынгу аўтацэнтра Сяргей Скляраў.  Дзякуючы рэкляме на беларускай мове супрацоўнікі “Ford’а” хацелі стаць бліжэй да кліентаў – тлумачыць працаўнік кампаніі.

С. Скляраў: Мы працуем ня толькі з прыватнымі асобамі, але й з карпаратыўнымі кліентамі, многія зь якіх пачалі зьвяртацца да нас па-беларуску. Таму я лічу наш крок абсалютна натуральным. Па-шчырасьці, я ня вельмі разумею, чаму ў СМІ з-за гэтага пачаўся такі ажыятаж. Сваёй акцыяй мы хочам сказаць, што добры аўтасэрвіс знаходзіцца менавіта тут, і што спэцыялісты нашага сэрвісу размаўляюць з нашымі кліентамі на адной мове – у прамым і пераносным сэнсе.

Як на беларускую рэкляму рэагуюць кліенты? Пакуль рана адказаць на гэтае пытаньне. Але стаўленьне будзе пазытыўнае – мяркуе Сяргей Скляраў.

С. Скляраў: Пакуль што тэлефонных званкоў з падзякамі не было. Але я перакананы, што людзі аднясуцца да гэтага нармальна. Нават калі яны не патэлефануюць да нас, то запомняць, што “Ford” пачаў размаўляць на беларускай мове. Магчыма, так мы станем бліжэй да нашых кліентаў. Я хачу падкрэсьліць, што мы хацелі дагрукацца менавіта да кліентаў. Пакуль мы дагрукаліся да прэсы. Што ж, і гэта неблага!

Супрацоўнікі аўтацэнтру “Ford” на Баравой задумваюцца над правядзеньнем у сябе “дзён беларускай мовы”.

С. Скляраў: Мы сапраўды распрацоўваем такі праект. Гэта ня значыць, што аднойчы абсалютна ўвесь наш аўтацэнтр пачне размаўляць па-беларуску. Што датычыцца сэрвісу, то там ёсьць шмат спэцыфічных назваў аўтазапчастак, якія будзе цяжка перакласьці на беларускую мову. А вось што тычыцца аддзелу продажаў – магчыма, мы зробім спэцыяльны дзень, калі  ўсе нашыя мэнэджэры па продажам будуць размаўляць па-беларуску.

Акрамя аўтацэнтра “Ford” па-беларуску вядуць рэклямныя кампаніі фірмы “Bosch” і “Ceresit”.  На вялікі жаль, колькасьць рэклямных акцыяў на беларускай мове ў Беларусі можна палічыць па пальцах. Найчасьцей беларускую мову выкарыстоўваюць у рэкляме прадуктаў, якія проста немагчыма рэклямаваць іначай, чым па-беларуску. Пра гэта распавядае кіраўнік парталу www.marketing.by Сяргей Скараход.

С. Скараход: Больш за ўсё на беларускай мове выпускаецца дробнафарматнай рэклямы: гэта постэры, паштоўкі, узоры дызайну. Маштабных кампаніяў вельмі мала. Апошнім часам такія кампаніі праводзілі, каб разрэклямаваць квас “Старажытны” ды квас “Хатні”. Усе рэклямныя ролікі, усе друкаваныя матэрыялы распрацоўваліся на беларускай мове.

Ёсьць замежныя брэнды, такія як “Ceresit”і “Bosch”, якія прынцыпова выкарыстоўваюць толькі беларускую мову ў сваёй рэклямнай камунікацыі. Але такіх вытворцаў можна пералічыць палічыць па пальцах. Якія прадукты рэклямуюцца на беларускай мове? – Найчасьцей тыя, якія па духу свайму настолькі беларускія, што іх рэклямная кампанія на расейскай мове выглядала б значна горш.

Моўная сытуацыя ў рэкляме адлюстроўвае моўную сытуацыю ў грамадзтве – тлумачыць Сяргей Скараход. Вельмі цяжка папулярызаваць родную мову праз рэкляму, пакуль па-беларуску не загавораць тэлебачаньне, радыё, чыноўнікі і дэпутаты. Кеалі ж гэта адбудзецца – рэкляма хутка падхопіць моду.

Аднак ёсьць і нагоды для аптымізму. Ужо другі год запар у Менску праводзіцца фэстываль беларускамоўнай рэклямы AD.NAK! І колькасьць заяўленых на яго працаў расьце – тлумачыць спэцыяліст па маркетынгу Сяргей Скараход.

С. Скараход: Колькасьць працаў, якія пададзеныя для ўдзелу ў конкурсе, ужо большая, чым колькасьць працаў, якія бралі ўдзел у спаборніцтвах год таму. Прычым мы ўвялі абмежаваньне: мінулагоднія рэклямныя прадукты ўдзельнічаць у гэтым фэстывалі ня могуць. Бачна, што на беларускай мове робіцца шмат рэклямных прадуктаў. Нельга сказаць, што беларускай рэклямы не існуе.

Усіх тых, хто жадае убачыць творы фантазіі й вынаходлівасьці беларускіх дызайнэраў ды рэклямшчыкаў,  Сяргей Скараход запрашае на фінал фэстывалю беларускамаўнай рэклямы AD.NAK!, які пройдзе 23 чэрвеня ў Менску па адрасе: праспэкт газеты “Праўда”, 11.


Аляксандар Папко