У сутоках бруістай Гараднічанкі й вольнага Нёмана паўсталі муры старадаўняга горада. Цяжка цяпер сказаць, хто першы з прыезджых гандляроў панёс па свеце яго гордае імя. I кожны — на свой лад: Гарадзень, Горадня, Гродна, Гародня. Відаць, назва паходзіла ад слоў "гарадзіць", "агароджваць".
Няпроста складваўся лёс горада. Перш за ўсё таму, што паўстаў ён на сумежжы розных зямель-княстваў: Літвы, Польшчы, Полацкай дзяржавы і Галіцка-Валынскай Русі. Але ў гэтым быў і яго шчаслівы лёс. Горадня стала буйнейшым гандлёвым цэнтрам. Каго тут толькі не было! Найчасьцей прыязджалі на кірмашы прадпрымальныя эўрапейцы. Яны прывозілі свае тавары, набывалі тавары ў Горадні, дзе жылі ўмелыя ганчары, кавалі, шаўцы, цесьляры, збраяры, ювеліры, майстры дзіцячых цацак.
Пра горад над Нёманам хадзілі цэлыя паданьні. Многім карцела пераканацца ў яго багацьці сілай зброі. Але горад мужна абараняўся. Адстойваючы яго незалежнасьць, загінуў гарадзенскі князь Ізяслаў – унук знакамітага Усяслава Чарадзея.
Славу, як і незалежнасьць, набыла Горадня ў часы князя Давыда. Нашым продкам пагражалі закаваныя ў жалезныя латы крыжакі. У абарону свайго народа й выступіў Давыд Гарадзенскі. Ён шмат зрабіў для згуртаваньня сілаў супраць крыжацкай навалы. Створаны ім саюз узначаліў князь Вітаўт, які за сталіцу новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага – абраў Горадню. А каб усе ведалі, што гэта дзяржава моцная й незалежная, узяў герб: скача на кані ўзброены вершнік. Гэта — "Пагоня". Пагоня заўсёды імчала на захад, супраць крыжакоў, якія й былі разьбіты пад Грунвальдам у 1410 годзе.
Праз стагодзьдзі пранесла Горадня сваю непаўторную прыгажосьць. Сярод нешматлікіх уцалелых у Беларусі помнікаў вылучаецца Каложская царква. Адна яе сьцяна абвалілася, але тое, што захавалася, зьдзіўляе шматколернасьцю фарбаў, веліччу і ў той жа час утульнай хатняй цеплынёю.
На месцы старога гарадзішча ўзвышаецца замак, збудаваны яшчэ каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем. Тут была каралеўская рэзыдэнцыя, дзе праводзіліся соймы вялікай дзяржавы, у склад якой уваходзілі беларускія, украінскія, польскія й літоўскі землі.
Прайсьціся па вулачках старога горада – усё роўна што павандраваць на машыне часу. Адзін за адным зьмяняюцца будынкі колішніх кляштароў і касьцёлаў. На вежы фарнага езуіцкага касьцёла па сёньняшні дзень захаваўся старадаўні гадзіньнік. Гэта ледзь ня першы ў Эўропе гадзіньнік з боем. Столькі мінула часу, а яго стрэлкі рухаюцца беспамылкова.
Крыху далей — Новы замак. Яго будавалі тыя ж славутыя архітэктары, што й палац Цвінгер — знакамітую Дрэздэнскую галерэю. Ня дзіва, што гэтыя старадаўнія будынкі й сёньня яшчэ хаваюць таямнічыя скарбы. Параўнаўча нядаўна ў скляпеньнях Новага замка была знойдзена цэлая бібліятэка, а ў адным з кляштароў – калекцыя рэдкіх карцін.
Здаўна Горадня – буйнейшы ў Беларусі прамысловы й культурны цэнтар. Гарадзенскі стараста Тызенгаўз заснаваў тут некалі шматлікія мануфактуры, у тым ліку й рэдкія – гарматную, карэтную. Заснаваў і першы тэатар, акцёры якога паклалі потым пачатак Варшаўскага тэатра опэры й балета.
Славуты горад! Прыгожы, непаўторны, загадкавы. Стагодзьдзі лунаюць над яго сівою галавою. Але гэта не старасьць. Гэта – сталасьць і мудрасьць, суквецьце мінулага й будучыні.
ак