Супраць камароў - выключна мясцовы часнок
Камары не сапсуюць нашага адпачынку на адкрытым паветры, калі іх адпужаем пахам, якога яны ня любяць, напрыклад, пахам лімону ці часнаку.
Адна ўмова - часнок павінен быць мясцовы, паколькі імпартаваны зь Кітая не утрымлівае субстанцыяў, якія палохаюць камароў.
А хто ня любяць часнаку, можа піць ваду зь лімонам. Эфэктыўна дзейнічаюць таксама сьвечкі зь лімонным водарам, - кажа прафэсар Зьбігнеў Эндлер, эколяг з Вармінска-Мазурскага ўнівэрсытэту.
Пры гэтым навуковец раіць захаваць асьцярожнасьць з аэразолямі супраць камарoў, паколькі яны могуць выклікаць алергію.
Эколяг кажа, што нашэсьце камароў - гэта вынік зьмяншэньня колькасьці паўзуноў, якія харчуюцца лічынкамі гэтых насякомых.
pap/аз
Памяняў польскую архітэктуру
Чалавек Рэнэсансу, аўтар праектаў, якія зьмянілі польскую архітэктуру, майстар, які сваімі ведамі ўмеў падзяліцца зь іншымі - так прафэсара Стэфана Курыловіча ўспамінаюць ягоныя сябры.
Адзін з найбольш выдатных польскіх архітэктараў Стэфан Курыловіч загінуў у панядзелак ў выніку катастрофы турыстычнага самалёту на тэрыторыі Гішпаніі.
Да найбольш вядомых праектаў яго аўтарства або суаўтарства залічваюцца Офісны цэнтар „Focus Filtrowa”, офісны будынак Wolf Nullo (побач з будынкам польскага Сэйму) ці офіс польскай авіякампаніі LOT ў Варшаве. А ў Гданьску, напрыклад, гэта гатэль „Hilton”.
Сьвет адзначыў 30-ю гадавіну выяўленьня СНІДу
ААН заклікае да павелічэньня сродкаў, прызначаных на лячэньне ВІЧ-інфэкаваных. Заклік быў агучаны напярэдадні 30-й гадавіны выяўленьня першага выпадку захворваньня СНІДам.
Як напісана ў дакумэнце, 6 мільёнаў чалавек з найбяднейшых рэгіёнаў сьвету могуць атрымаць неабходныя лекі. Аднак такой магчымасьці ня маюць каля 10 мільёнаў інфэкаваных і хворых.
Экспэрты нагадваюць, што менавіта антывірусныя лякарствы ды бясьпечны сэкс могуць у 96% зьменшыць магчымасьць заражэньня другога чалавека вірусам ВІЧ.
Таму ААН пераконвае, што грошы на лекі для ВІЧ-інфэкаваных маюць асноўнае значэньне. Апошняя справаздача аганізацыі сьведчыць пра тое, што цягам мінулага 10-годзьдзя пашырэньне віруса зьменшылася на адну чацьвёртую. Штодзённа вірусам ВІЧ заражаецца 7 тысячаў чалавек.
Польскі месяцаход лепшы чым амэрыканскі
Сканструяваны студэнтамі Беластоцкага палітэхнічнага ўнівэрсытэту месяцаход „Magma 2” выіграў міжнародны конкурс University Rover Challenge ў ЗША.
Беластоцкія студэнты пад кіраўніцтвам прафэсара Войцеха Глажэўскага перамаглі, між іншым, амэрыканскую каманду з Арэгонскага ўнівэрсытэту, якая карысталася падтрымкай касьмічнага агенцтва NASA. Змаганьне праходзіла на пустыні ў штаце Юта, дзе невялікая вільготнасьць паветра, высокая тэмпэратура ды пыл нагадваюць ўмовы на Марсе.
Польская канструкцыя перамагла, між іншым, дзякуючы гексакоптэру – невялікаму лятальнаму апарату, які стартуе зь месяцахода, каб правесьці разьведку. І такога вырашэньня журы з Амэрыканскага касьмічнага агенцтва не спадзявалася.
Цяпер польская каманда пакажа свой месяцаход на міжнародным конкурсе Mars Socienty.
У спаборніцтве ў ЗША ўдзельнічалі яшчэ два іншыя польскія месяцаходы: „Scorpio” – праект студэнтаў Уроцлаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту, які заняў чацьвёртае мясца, ды „Copernicus” з Торунскага ўнівэрсытэту імя Мікалая Капэрніка, які апынуўся на шостым месцы конкурсу University Rover Challenge ў ЗША.
Падрыхтавала Анна Задрожна
Здымкі: pl.wikipedia.org