• Паэзія Чэслава Мілаша па-беларуску
  • 08.06.2011

Паэзію Нобэлеўскага ляўрэата Чэслава Мілаша неўзабаве можна будзе пачуць і па-беларуску. Неўзабаве сьвет пабачыць аўдыёбук з нагоды 100-годзьдзя славутага польскага паэта. Перакладчыкам і лектарам зьяўляецца Андрэй Хадановіч.

У беларускім аўдыёбуку Мілаша прагучаць творы “Песьня пра канец сьвету”, “Які пакрыўдзіў...”, “Што было вялікае”, “Удалае жыцьцё”, а таксама іншыя вершы са зборнікаў “Другая прастора”, а таксама “Апошнія вершы”.

Разам зь вершамі прагучыць музыка беларускага гурта “Рацыянальная дыета”. На фартэпіяна ў гурце граюць Вольга Падгайская, на саксафоне Віталь Эпаў, на смычку Кірыл Крысьця, Надзея Крысьця – віяланчэль, гітара – Макс Вельветаў.

Запісная кніжка Бэлы Шагал з малюнкамі яе мужа будзе выстаўленая на аўкцыёне ў Нью-Ёрку. Славуты Аўкцыённы дом Sotheby's ацэньвае яе на больш як 500 тысяч даляраў.

Рабіць запісы ў сваім нататніку жонка Марка Шагала пачала ў 1942 годзе, пасьля ўцёкаў сям’і з акупаванай нацыстамі Францыі ў Нью-Ёрк. Пасьля таго, як жонка памерла, нататнікам пачаў карыстацца Марк. У кніжцы 85 малюнкаў мастака. Марк Шагал выкарыстоўваў нататнік жонкі ажно да 1965 году.

Сярод малюнкаў: партрэты й ню Бэлы, а таксама аўтапартрэты мастака. Ёсьць там і чарнавікі, акварэльныя малюнкі жывёл, закаханыя пары й біблійныя сцэны. Нататнік будзе выстаўлены на продаж 17 чэрвеня.

У Нью-Ёрку Марк Шагал правёў шэсьць гадоў. У 1948 годзе ён вярнуўся ў Эўропу й пасяліўся на Лазурным узьбярэжжы ў Францыі. Адзін з самых выбітных артыстаў 20 ст. памёр у 1985 годзе.

У аўторак у горадзе Ломжа (цэнтральная Польшча) распачаўся 24 Міжнарожны тэатральны фэстываль "Walizka 2011".

Сёлета ў Ломжу прыехалі пяць тэатральных груп з Познаня, Беластока, Лодзі й Уроцлава, а а таксама восем замежных труп: зь Беларусі, Расеі, Чэхіі, Францыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Сэрбіі й Ізраіля. Усяго конкурсныя заявы даслалі 80 тэатраў, але ня ўсе змаглі патрапіць у Ломжу.

У сераду на фэсьце выступіць беларускі тэатар «Лялька» зь Віцебска. Яны пакажуць спэктакль «Загубленая душа» рэжысэра Алега Жугжды.

Дарэчы, некалькі месяцаў таму віцебскі тэатар адзначыў 25-гадовы юбілей. За гады сваёй творчай дзейнасьці тэатар “Лялька” пабываў у многіх краінах сьвету: Францыі, Нямеччыне, Іране, Турцыі, Польшчы, Расеі й іншых. На дадзены момант у яго рэпэртуары больш за дваццаць спэктакляў для дзяцей і два для дарослых гледачоў. На сцэне тэатра ставяцца як сучасныя аўтары, так і дзіцячая клясыка.

У аўторак 14 чэрвеня ў менскім кінатэатры "Перамога" адкрыецца фэстываль эўрапейскага кіно "Залатая дзесятка+".

У яго рамках з 14 па 19 чэрвеня пройдуць бясплатныя паказы клясычных эўрапейскіх кінастужак другой паловы дваццатага стагодзьдзя. Фэстываль арганізаваны Прадстаўніцтвам Эўразьвязу сумесна з амбасадамі краін ЭЗ у Беларусі.

"Залатую дзясятку" – першыя дзесяць стужак праграмы – выбралі карыстальнікі партала TUT.BY праз галасаваньне. Астатнія стужкі, кожная зь якіх стала ў свой час агульнаэўрапейскай культурнай падзеяй, дапоўнілі праграму па ініцыятыве пасольстваў.

Госьцем фэстывалю стане беларуская кінастужка "Дзікае паляваньне караля Стаха", зьнятая ў 1979 годзе па матывах аднайменнага клясычнага твора Ўладзімера Караткевіча.

Гледачы пабачаць стужкі "Мужчына й жанчына" Клёда Лелюша, "Восем з паловай" Фэдэрыка Фэліні, "Розэнкранц і Гiльдэнстэрн мёртвыя" Тома Стопарда,  "Хірасіма, каханьне маё" Алена Рэнэ, "Падвойнае жыцьцё Вэранікі" Кшыштаф Кесьлёўскага й іншыя.

З сучаснымі швэдзкімі фільмамі зноў знаёмяць менчукоў пасольства Швэцыі ў Беларусі й кінатэатар "Цэнтральны".

Дні швэдзкага кіно адкрыла ў аўторак меладрама "Дзяўчынка" (2009 год) рэжысэра Фрэдэрыка Эдфэльта. Галоўнай гераіняй карціны зьяўляецца 10-гадовая дзяўчынка, якая адпраўляецца ў падарожжа.

Увечары 8 чэрвеня кінааматары змогуць убачыць дакумэнтальную карціну Стэфана Ярла, зьнятую ў мінулым годзе, "Падпарадкаваньне". Фільм распавядае пра "хімічнае грамадзтва ", грамадзтва, якое сваімі рукамі стварае чалавек, грамадзтва, якое пазбаўляе яго здароўя.

У наступны вечар драма рэжысэра Рубэна Эстлунда "Добраахвотна – прымусова" (2008 год) раскажа пра жыцьцё сучасных маладых людзей, якім хочацца выйсьці за рамкі штодзённасьці.

Завершыць Дні швэдзкага кіно меладрама Марыі Блум (2008 год) "Сумніўна", гераіня якой жыве дзеля кар'еры, аднак аднойчы трапляе ва ўладу бога каханьня Купідона.

Усе фільмы традыцыйна трансьлююцца на мове арыгіналу зь беларускімі субтытрамі.

дг