Аляксандр Лукашэнка праводзіць сёньня нараду па актуальных пытаньнях эканомікі. Пра гэта паведамляе сайт кіраўніка дзяржавы.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, нарада мае экстраны характар. З-за яе адменена прэс-канфэрэнцыя на тэму «Актуальныя пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь», якая павінна была пачацца сёньня ў 15.00 у Нацыянальным прэс-цэнтры. У прэс-канфэрэнцыі плянаваўся ўдзел міністраў эканомікі й фінансаў Мікалая Снапкова й Андрэя Харкаўца, а таксама першага намесьніка міністра працы й сацабароны Пятра Грушніка.
Апрача таго, на паўгадзіны скараціў сваю сустрэчу з журналістамі старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька. На прэс-канфэрэнцыі, якая пачалася ў ратушы а 12.00, ён папярэдзіў: "Я загадзя прыношу прабачэньні за тое, што мы скарацілі рэглямэнт прэс-канфэрэнцыі на паўгадзіны. Узьніклі непрадбачаныя акалічнасьці службовага характару - гэта вымагае гэтыя 30 хвілін у вас забраць».
Паддрабязнасьці слухайце ў нашым пазьнейшым эфіры.
БелаПан/дг