Беларусь наведала заснавальніца праваабарончага руху часоў СССР, кіраўніца Маскоўскай Хэльсінскай групы Людміла Аляксеева. Журналістка Польскага радыё патрапіла на сустрэчу спадарыні Аляксандравай з навучэнцамі Школы правоў чалавека.
Людміле Міхайлаўне 83 гады, нягледзячы на паважны ўзрост, праграма візыту мае гуманітарную мэту й вельмі насычаная – сустрэчы з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый Беларусі, з журналістамі, моладзьдзю. Гэта магчымасьць зь першых вуснаў даведацца, як паўставала барацьба за правы чалавека на прасторы СССР.
Людміла Аляксеева: Днём нараджэньня праваабарончага руху я прапанавала лічыць 5 сьнежня 1965 году, калі на Пушкінскай плошчы прайшоў першы ў краіне мітынг з патрабаваннем выконваць Канстытуцыю. Тады быў сьвяточны дзень – Дзень савецкай Канстытуцыі. Мітынг быў пад лёзунгам “Паважайце савецкую Канстытуцыю!” Яшчэ адзін лёзунг – “Патрабуем галоснага суда над пісьменьнікамі Андрэем Сіняўскім і Юліем Даніэлем!”. Гэтых пісьменьнікаў арыштавалі ў верасьні 1965 году за тое, што яны друкаваліся пад псэўданімамі на Захадзе. Яны пачалі публікавацца ў 1956 годзе, а доблесныя чэкісты раскрылі толькі праз 9 гадоў. Хаця дзьве-тры сотні чалавек у Маскве добра ведалі, хто хаваецца за гэтымі імёнамі. Іх зьбіраліся судзіць паказным судом, маўляў, нягоднікі, антысаветчыкі. Сталін памёр у 1953 годзе, прайшло 12 гадоў. І грамадзтва быццам было тое ж самае, але яно прайшло нейкае ўнутранае разьвіцьцё. І была нечаканая для ўладаў рэакцыя на гэтыя выкрывальныя артыкулы ў газэтах. І ў сталінскія часы былі выпадкі, калі людзі заступаліся на судзе за абвінавачваных. Рабілася гэта ці па вялікай наіўнасьці і неразуменьні, чым гэта пагражае, ці з маральнага абавязку. Патрабавалі свабоды слова. Гэта першае грамадзянскае права, якое запатрабавалі савецкія людзі. Права пісьменьнікам пісаць,а чытачам – чытаць.
Старшыня Маскоўскай групы Хэльсінскага камітэту падкрэсьлівае, што негвалтоўнасьцю можна дамагчыся больш, чым гвалтам. Гвалт параджае гвалт, пазбаўляе маральнай падтрымкі людзей. Людміла Міхайлаўна іранізуе: “Я ўвогуле мірны чалавек, а ў 83 гады мая мірнасьць вырасла да незвычайных памераў”.
Камэнтуючы сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, вядомая праваабаронца падкрэсьліла: “Чалавечае жыцьцё найбольш важнае. Трэба выцягваць з турмаў любымі шляхамі”. І прывяла прыклад, як у 1979 годзе прэзыдэнт ЗША Картэр дамовіўся, і з савецкіх лягераў вызвалілі 5 палітычных вязьняў, у тым ліку й сябра Маскоўскай Хэльсінскай групы Аляксандра Гінзбурга. У сьнежні 1986 году Савецкі Саюз, як і зараз рэжым Лукашэнкі, быў у вельмі цяжкім эканамічным становішчы. Яму важная была падтрымка Захаду. І пад ціскам Захаду цягам 1987 году 3 тысячы чалавек, палітвязьняў, былі вызваленыя.
Людміла Аляксеева: Нашыя ўлады настолькі не прызнаюць і не паважаюць грамадзян і іх правы, што, на мой погляд, любыя формы пасярэдніцтва паміж уладамі й грамадзянамі ў галіне правоў чалавека – крок наперад. Павагі да правоў чалавека й выкананьня іх мы ня зможам дабіцца да той пары, пакуль і прадстаўнікі ўлады не зразумеюць важнасьці й неабходнасьці выконваць гэтыя правы.
Людміла Міхайлаўна за Савецкім часам была пасьпяховым чалавекам, мела адукацыю, працу, сям’ю. Бацькі гадавалі ў ёй дух савецкага чалавека, які мусіць быць удзячны дзяржаве за набыткі свайго жыцьця. Аднак ёсьць больш падставовыя рэчы, якія й паўплывалі на сьвядомасьць людзей.
Людміла Аляксеева: Адны й тыя ж матывы, чаму мы сталі гэтым займацца: проста брыдка стала ўдзельнічаць у ілжы, якая працінала ўсю краіну. Я дарослы чалавек і сама вырашаю, што мне чытаць, як жыць, з кім сябраваць, што гаварыць. Калі я нарадзілася ў гэтай краіне ў гэты час, то я пражыву так, каб мне не было сорамна за сябе ні перад сабой, ні перад дзецьмі. І калі трэба за гэта плаціць нават уласнай свабодай, то я гатовая. Я пражыву гэтае жыцьцё як вырашыла сама. Нічога палітычнага. Гэта быў маральны рух супраць ілжы, прыніжэньня чалавека з жаданьнем дапамагчы. У нас быў тост: вып’ем за посьпех нашай безнадзейнай справы. Прайшло 45 гадоў і вынікі ўсё ж заўважныя. Хутка не атрымліваецца, на жаль. І калі вы пачнеце адлік ад таго дня, калі зацікавіліся правамі чалавека, то не праз 45 гадоў, цяпер час бяжыць хутчэй, а, думаю, праз 10-15 гадоў вы будзеце жыць у іншай краіне, сярод іншых людзей.
Жыцьцёвы шлях Людмілы Аляксеевай – пакручасты. Дысыдэнцтва, эміграцыя ў 50-гадовым узросьце, вяртаньне. Але жывая легенда праваабарончага руху глядзіць з аптымізмам на жыцьцё, падкрэсьлівае, што кожны чалавек напрыканцы свайго жыцьця мусіць не шкадаваць аб тым, як ён жыў. І ня думаць, што яго жыцьцё было толькі для таго, “каб нечага нахапаць”.
Марыя Кароль