Сёньня ў Менску адбыліся суды над затрыманымі ўчора мінакамі, якія назіралі за акцыяй пратэсту аўтамабілістаў. Суд фактычна аштрафаваў усіх затрыманых за воплескі падтрымкі для пратэстоўцаў.
У аўторак увечары ў Менску сотні аўтааматараў правялі акцыю “Стоп-бэнзын” у цэнтры гораду, пратэстуючы супраць чарговага павелічэньня коштаў на паліва ў Беларусі. У выніку, цягам амаль дзьвюх гадзінаў аўтамабільны рух у цэнтры беларускай сталіцы быў заблякаваны. Паводле папярэдніх падлікаў, у акцыі ўзялі ўдзел каля 1600 аўтамабіляў. Міліцыя не змагла разагнаць аўтамабілістаў ды адыгралася на мінаках, якія воплескамі падтрымлівалі аўтааматараў. 4 Асобы былі затрыманыя, ноч яны правялі ў пастарунках, а сёньня суд апэратыўна ўсіх аштрафаваў за “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Гаворыць праваабаронца з цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч: Суд разглядаў адміністратыўныя справы сёньня паводле артыкула 2334 “Удзел у несанцыянаваным мерапрыемствае”. Вынесеныя штрафы пыкладна ў памеры дваццаці базавых велычыняў. Санкцыя прадугледжвае арышт, але апошняе рашэньне прыймае судзьдзя.
Штрафы атрымалі: Зміцер Кавалгін, Павал Грузьдзіловіч, Алеся Макась, Аляксандар Рэдзькін. Затрыманьні адбыліся беспадстаўна, а суд вынес прысуд на падставе сьведчаньняў міліцыянтаў. Распавядае адзін з затрыманых Павал Грузьдзіловіч.
Павал Грузьдзіловіч: Я назіраў за акцыяй ля плошчы Перамогі. Вельмі шмат машын, якія практычна перакрылі ўвесь праспэкт. Я не чакаў такой колькасьці машынаў. Навокал было шмат людзей, якія стаялі ды апладзіравалі. Я рабіў тое самае. Зь невядомай прычыны я не спадабаўся амапаўцам, якія, хапаючы некаторых людзей, схапілі й мяне. У судзе мне прадставілі пратаколы пяці амапаўцаў, якія быццам бачылі мяне й затрымалі з паперкай “стоп-бэнзын” на мосьце. Мяне там не было, я магу даказаць, у мяне ёсьць відэа, але я ня стаў зьвязвацца з гэтым. Мне прысудзілі дваццаць базавых велічыняў. У мяне склалася ўражаньне, што людзі будуць далей пратэставаць, бо гэта ўжо перабор. Заробак атрымоўваюць усе ў рублях і гэтага недастаткова, каб забясьпечыць нармальны ўзровень жыцьця.
Дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы “За аўто”, адзін з арганізатараў акцыі, лічыць, што акцыя прайшла ўдала. Працягу пакуль не плянуецца, арганізатары будуць чакаць рэакцыі ўлады.
Арцём Шаркоў: Затрымана 4 чалавекі, якім далі адміністратыўныя шрафы ад 15 да 20 базавых велечыняў. Далейшыя пляны залежаць выключна ад аўтааматараў. Ужо сёньня людзі на розных форумах выказваюць жаданьне, каб працягваць гэтыя акцыі, але пакуль мы ня бачым сэнсу ў працягу. Трэба пачакаць, каб была рэакцыя дзяржаўных ворганаў.
Сёньня ўлады ўжо прадэманстравалі сваю рэакцыю. Падчас чарговай нарады Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў зьнізіць кошты на нафтапрадукты ў Беларусі. Найдаражэйшы бэнзын не павінен каштаваць больш, чым 4,5 тыс. рублёў. На думку, аглядальніка Аляксандра Класоўскага, улады баяцца спантанных пратэстаў людзей.
Аляксандар Класкоўскі: Гэты выбух пратэсту аўтамабілістаў быў нечаканы і для ўлады, і для апазыцыі. Пры прагнозах сацыяльных забурэньняў заўсёды ўзгадваюць 1990-я гады ды 100 пралетарыяў на плошчы Леніна. Тут жа збунтавалася сярэдняя кляса, лукашэнкаўская, якая сфармавалася за гады сытага застою ды нафтавага афшору. Гэтыя людзі выйшлі, паралізавалі цэнтар горада, паказваючы ўзор самаарганізацыі. Гэтая зьява ўзрушыла Меснк. Улада зараз моцна чухае патыліцу, бо першая рэакцыя -- узорна пакараць, каб не рыпаліся. Але ліміт рэпрэсіяў вычарпаны пасьля судоў па справе 19-га сьнежня, да таго ж тут меў месца стыхійны пратэст грамадзянаў.
Беларускія ўлады адной рукой паніжаюць кошты паліва, а другой рукой рыхтуюць рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі. ДАІ Менгарвыканкаму заявіла, што ўдзельнікаў акцыі будуць высьвятляць па нумарных знаках, усе вінаватыя будуць прыцягнуты да адміністратыўнай ды крымінальнай адказнасьці.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч