Каля 400 чалавек сабраліся ўчора вечарам на Кастрычніцкай плошчы Менска. Такім чынам неабыякавыя адгукнуліся на заклік у інтэрнэце прыйсьці на галоўныя плошчы гарадоў для ўдзелу ў маўклівай акцыі пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку".
За ходам акцыі назіралі супрацоўнікі міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, а таксама людзі з рацыямі ў цывільным. Спэцназ дзяжурыў воддаль ад прысутных, у той час як супрацоўнікі ў цывільным пастаянна знаходзіліся ў цэнтры падзей. У ход акцыі яны ня ўмешваліся.
Маўклівыя акцыі пратэсту прайшлі таксама ў абласных цэнтрах.
Учора раніцай у сеціве зьявілася інфармацыя аб падрыхтоўцы акцыі. Яе ініцыятары заклікалі жыхароў Беларусі прыйсці а 19.00 на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і прабыць там да 19.30. Ініцыятары заявілі, што акцыя будзе штотыднёвай: "Калі на плошчы будуць тысячы людзей, гэта будзе знак таго, што можна пачаць больш актыўныя дзеяньні. Але спачатку трэба выйсьці".
кр/БелаПАН