Расея ўдвая абмежавала пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь. Прычына абмежаваньня паставак — запазычанасьць беларускага боку за электраэнэргію, пастаўленую ў сакавіку—красавіку гэтага году.
Доўг беларускага боку складае каля 54 млн. даляраў. Абмежаваньне паставак будзе доўжыцца дзесяць дзён. Калі ня будзе дасягнута дамоўленасьць па пагашэньні запазычанасьці, пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь могуць быць спыненыя поўнасьцю.
Наяўнасьць запазычанасьці за электраэнэргію пацьвердзіла памочніца міністра энэргетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч.
"На гэты момант у Беларусі існуюць праблемы з купляй валюты, і пакуль складана разьлічыцца за пастаўкі электраэнэргіі. Але гэтая праблема будзе вырашана максымальна апэратыўна", — дадала Зяньковіч.
кр/БелаПАН