• Чарговыя эўрапейскія краіны далучыліся да санкцый
  • 10.06.2011

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і пытаньнях бясьпекі Кэтрын Эштан вітае рашэньне шэрагу краін далучыцца да абмежавальных мер ЭЗ у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай Эштан.  У дакумэнце гаворыцца, што Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісляндыя, Албанія, Сэрбія, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія прынялі рашэньне прывесьці сваю дзяржаўную палітыку ў адпаведнасьць з рашэньнем Рады Эўразьвязу ад 23 мая 2011 года.
Нагадаем, 23 траўня Рада ЭЗ ухваліла ўзмацненьне абмежавальных мер у дачыненьні да беларускага рэжыму ў сувязі з прысудамі, вынесенымі прадстаўнікам апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня.
У чорны сьпіс Эўразьвязу былі дададзены 13 прозьвішчаў службовых асоб Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю эўрасупольнасьці й чые актывы ў краінах ЭЗ будуць замарожаны ў выпадку іх выяўленьня. Гэта галоўным чынам судзьдзі й пракуроры, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах.
Усяго ў сьпіс на сёньня ўключаныя 175 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка.

БелаПАН/вс