• Антынаркатычная апэрацыя ў Беларусі, Казахстане й Расеі
  • 10.06.2011

Каля трох тон наркотыкаў канфіскавана падчас антынаркатычнай апэрацыі "Канал-Захад", якая праводзілася на працягу трох сутак на тэрыторыі Беларусі, Расеі й Казахстана. Яе вынікі падведзены сёньня ў Менску. Менавіта на базе Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі была арганізавана праца апэратыўнага ўпраўленьня міжнароднага каардынацыйнага штабу па кіраўніцтве апэрацыяй.
Як паведаміў на падвядзеньні вынікаў намесьнік дырэктара Фэдэральнай службы РФ па кантролі за абаротам наркотыкаў Алег Сафонаў, канфіскавана ў тым ліку 17 кг гераіну, больш як 3 кг сынтэтычных наркотыкаў, 1 кг опію, амаль 2,8 тоны марыхуаны, 2 кг гашышу, больш як 38 кг прэкурсораў, а таксама 8 тон маку. Падчас правядзеньня апэрацыі канфіскаваныя 142 адзінкі зброі, больш як 2,3 тысячы боепрыпасаў, матэрыяльных каштоўнасьцяў і іншых забароненых да перавозкі прадметаў на суму больш як 600 тысяч даляраў.
Апэрацыя праводзілася ў рамках Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

БелаПАН/вс