• Кярымаў сапраўды хоча купіць “Беларуськалій”, але ці кýпіць – пакуль невядома
  • Audio4.6 MB
  • 10.06.2011

Кантрольны пакет акцыяў “Беларуськалію” рыхтуюць да продажу – гэтую навіну актыўна абмяркоўваюць расейскія й беларускія СМІ. За апошнія два гады такія зьвесткі зьяўляліся неаднойчы. Ці адбудзецца нарэшце продаж самага каштоўняга складніка “беларускага фамільнага срэбра”?

Да пакупкі звышпрыбытковага беларускага прадпрыемства рыхтуецца холдынг “Нафта Москва”, які належыць расейскаму алігарху Сулейману Кярымаву. Ва ўласнасьці Кярымава знаходзяцца два буйнейшыя вытворцы калійных угнаеньняў у Расеі – “Уралкалий” ды “Сильвинит”. Набыўшы “Беларуськалій” ён стане сусьветным манапалістам. Паводле зьвестак расейскіх СМІ, алігарх гатовы заплаціць за 50%+1 акцыю беларускага калійнага гіганта 15 мільярдаў даляраў.

Холдынг “Нафта Москва” не агучвае ніякіх дэталяў зьдзелкі, але пацьвярджае зацікаўленасьць у набыцьці кантрольнага пакету “Беларуськалія”. Пра гэта кажа выканаўчы дырэктар кампаніі Антон Аверын.

А. Аверын: Мы не даем камэнтароў на гэтую тэму. Я магу толькі пацьвердзіць цікавасьць да зьдзелкі ды яе асноўныя парамэтры. Гэта шматбаковая тэма. Пра падрабязнасьці такіх пагадненьняў звычайна дазваляецца казаць не адразу. 

Шматлікія дэталі зьдзелкі застаюцца незразумелымі й выклікаюць сумнеў. Па-першае, паводле падлікаў, якія двойчы праводзілі розныя ацэньшчыкі ў добрыя дакрызысныя гады, увесь “Беларуськалій” каштуе 15-20 мільярдаў даляраў. Цяпер жа ў такую суму беларускі ўрад ацаніў палову актываў кампаніі. Ці не зьяўляецца сума зьдзелкі завышанай? На гэтае пытаньне адназначнага адказу не існуе – кажа супрацоўнік інвэстыцыйнага банку  “Ренессанс-Капиталл” Канстанцін Галавінскі.

К. Галавінскі: Актыў каштуе роўна столькі, колькі за яго заплацяць грошай. Ацаніць дакладна можна толькі тую кампанію, акцыі якой разьмешчаныя на біржы. “Беларуськалій” знаходзіцца ва ўласнасьці дзяржавы. Таму разьлічваць ягоную цану – справа няўдзячная. Ён будзе каштаваць роўна столькі, за колькі Беларусь будзе гатовая яго прадаць, а пакупнік – набыць.

Па зьвестках СМІ, усе актывы Сулеймана Кярымава ацэньваюцца ў 12 мільярдаў даляраў. Зразумела, нельга атаясамліваць кампанію “Нафта Москва” з маёмасьцю алігарха, але ці сапраўды расейскі холдынг можа знайсьці 15 мільярдаў даляраў на такую інвэстыцыю? Знайсьці такія вялікія грошы тэхнічна можна – кажа аналітык адной зь беларускіх інвэстыцыйных кампаніяў.

Аналітык: У СМІ зьяўлялася інфармацыя, што расейскі “Сбербанк” выказаў сваю гатоўнасьць прафінансаваць такую зьдзелку, хоць да яго пакуль не зьвярталіся. У такіх зьдзелках пакупнік не абавязкова павінен мець 100% наяўных грошай. Частку пакупкі ён аплочвае за кошт уласных сродкаў, а частку – за кошт крэдыту.

Ці не выглядае такая каштоўная зьдзелка занадта рызыкоўнай у неспакойныя крызысныя часы? Калі Кярымаў, па дадзеных расейскіх СМІ, згадзіўся даць Беларусі мільярд даляраў авансу, то ён упэўнены ў тым, што робіць – лічыць дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту іміжнародных адносінаў Кірыл Коктыш.

К. Коктыш: Відавочна, што Кярымаў мае нейкія аргумэнты. Ён упэўнены ў тым, што ніхто ніколі не рызыкне яго “кідаць”. У раку не ўваходзяць, ня ведаючы, як зь яе выйсьці.

Продаж паловы “Беларуськалія” можа быць нават цікавы для беларускага ўраду. Кампанія, якая паўстане ў выніку спалучэньня калійных гігантаў, стане сусьветным манапалістам і зможа падняць кошты на калійныя ўгнаеньні. Прыбыткі ад продажу “Беларуськалія” на некалькі гадоў вырашаць фінансавыя праблемы Беларусі – кажа палітоляг.

К. Коктыш: На некаторы час праблемы з грашыма перастануць існаваць. На год ці два. Пазьней ўрад можа ўбачыць, што прыбыткі ад той паловы акцыяў, якая засталася, меншыя ад даходаў, якія ён некалі атрымліваў ад усяго “Беларуськалія”. Можна разважаць, колькі грошай будзе прыносіць палова акцыяў пасьля магчымага павышэньня цэнаў на ўгнаеньні, але сума можа аказацца значна меншай.

Продаж аднаго прадпрыемства не ўратуе беларускую эканамічную мадэль. Краіне ўсё роўна патрэбная прыватызацыя – перакананы расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў.

 А. Суздальцаў: Без структурных рэформаў, якія уключаюць у сябе прыватызацыю (дарэчы, не абавязкова расейцам) праблемаў беларускай эканомікі ня вырашыць. Яны ўжо застарэлі.  Гэты сацыялізм, які прыбіраецца ў скуру рыначнай эканомікі, проста нежыцьцяздольны.

На думку аналітыка, сума зьдзелкі сапраўды занадта высокая. Магчыма, беларускае кіраўніцтва выставіла такую цану, каб увогуле “Беларуськалія” не прадаваць.

А. Суздальцаў: Гэта даўняя тактыка беларускага кіраўніцтва. Нядаўна ЭўрАзЭС выдзеліў Беларусі крэдыт. Яго ўмовай зьяўляецца правядзеньне прыватызацыі, але нічога ня сказана пра тое, як яна павінна праводзіцца. Менск можа атрымліваць траншы гэтага крэдыту, выстаўляць прадпрыемствы на продаж, але прапанаваць пры гэтым проста касьмічныя цэны.

Аналітыкі параўноўваюць “Беларуськалій” з курыцай, якая нясе залатыя валютныя яйкі. Можна, канешне, яе прадаць і атрымаць многа грошай адразу, але пры гэтым будзе страчаны стабільны высокі даход. Пакуль беларускія ўлады ня вырашылі, што ім больш патрэбна. Таму продажу калійнага гіганта можа не адбыцца й гэтым разам – мяркуюць экспэрты.

Аляксандар Папко