• Штраф затрыманым ўдзельнікам акцыі “Стоп бэнзін” выплачаны
  • 11.06.2011

Сябры інфармацыйна-асьветніцкай установы “За Аўто”, ініцыятара акцыі “Стоп бэнзін”, у пятніцу ўвечары выплацілі штраф усім, хто быў пакараны за ўдзел у пратэсьце - перадае агенцтва БелаПАН.

Агульная сума спагнаньняў перавысіла 3 мільёны рублёў. На выплату штрафаў грамадзкія актывісты патрацілі 8 кіляграмаў грошай.

Падрабязнасьці выплаты распавёў нам кіраўнік арганізацыі “За Аўто” Арцём Шаркоў.

А. Шаркоў: Разам з сябрамі й людзьмі, якіх пакаралі штрафам, мы накіраваліся ў адно з аддзяленьняў “Беларусьбанку”. Мы набралі купюраў наміналам 10, 20 рублёў на суму 100 тысячаў беларускіх рублёў. Гэтыя купюры важылі каля 8 кіляграмаў. Астатняе было выплачана буйнымі наміналамі.

Пералік грошай доўжыўся каля 40 хвілінаў. Гэты працэс удзельнікі акцыі здымалі на відэа.

Усяго за адны суткі беларусы сабралі больш за 5 мільёнаў рублёў. Ня менш за 1 мільён рублёў з сумы, якая засталася пасьля выплаты штрафаў, будзе перададзеная ў дзіцячы дом. Астатнія два мільёны будуць альбо падораныя дзіцячаму дому, альбо пойдуць у “фонд” дапамогі  будучым “штрафнікам” - паведаміў Арцём Шаркоў.

БелаПАН / ап