• Рух “За Свабоду” заклікае адмяніць вайсковы парад 3 ліпеня
  • 11.06.2011

“Па віне ўладаў Беларусь сёньня знаходзіцца ў глыбокім эканамічным і палітычным крызысе. Аднак някруглая дата 3 ліпеня будзе сьвяткавацца на шырокую нагу. Рух “За Свабоду” заклікае адмяніць пампезны ваенны парад у гэты нялёгкі для краіны ды яе грамадзянаў час”, – гаворыцца ў адкрытым лісьце, апублікаваным на сайце арганізацыі.

Пра прычыны звароту да ўладаў нам распавядае намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Ю. Губарэвіч: Беларусь знаходзіцца ў стане глыбокага эканамічнага крызысу. Таму выдзяленьне сродкаў на відовішчы – нічым не абгрунтаванае. Сродкі, якія плянуецца патраціць на парад, больш мэтазгодна было б прызначыць на іншыя мэты, якія б спрыялі выхаду з крызысу.

"Ва ўмовах такога неабгрунтаванага й марнатраўнага шыкаваньня беларусы маюць поўнае маральнае права разам з ушанаваньнем памяці загінулых за Беларусь, выказаць свой пратэст кіраўніцтву краіны, якое працягвае жыць не па сродках”, – заяўляе Рух “За Свабоду”.

Рух “За Свабоду” / ап