• Пратэсты, алькаголь і абыякавасьць беларусаў (аўдыё)
  • Audio3.66 MB
  • 12.06.2011

У беларускім грамадзтве растуць нэгатыўныя настроі ў сувязі з эканамічнай сытуацыяй. Калі могуць здарыцца буйныя народныя пратэсты? Што павінны зьмяніць у сваіх паводзінах звычайныя грамадзяне й чыноўнікі, каб павярнуць сытуацыю на выгадны для сапраўднага беларуса лад?
Апалітычныя навукоўцы й грамадзкія дзеячы выказаліся на гэты конт карэспандэнту Беларускай службы Польскага радыё. 

Ці зьвярнулі вы ўвагу на тое, што алькаголь у Беларусі стаў ці не апошняй катэгорыяй тавару, які даражэе. Чаму менавіта кошты на гарэлку падвысіліся ў апошнюю чаргу?
Стыпэндыянтка прэміі беларускага ўраду за інавацыйныя тэхналёгіі ў будаўніцтве Алена Спаская лічыць, што менавіта танны алькаголь стрымлівае беларусаў ад грамадзянскай актыўнасьці.

Алена Спаская: Навошта думаць галавой, калі можна ўвечары напіцца й зноўку пайсьці нараніцу на сваю працу? І ён вяртаецца з працы, сядзіць у сацыяльных сетках і думае: “Я зарабляю свае 600 тысячаў, больш не зараблю, бо не даюць магчымасьці. Пайду зноўку вып’ю ўвечары”. І так штодня. Яны папросту ня хочуць уключаць мазгі.

Алена Спаская адзначае,  што ня трэба валодаць дакладнымі статыстычнымі дадзенымі, каб заўважыць, што алькагалізацыя беларусаў перасягнула ўсе прымальныя  межы.

Алена Спаская: Магу сказаць, што нашай моладзі прышоў час кідаць піць. Гэта, прабачце, ужо перабор. Здавалася б – сімпатычная дзяўчынка, яна добра выглядае, але яе выносіць яе малады чалавек. Я лічу, што гэта абсалютна ненармальна. Такія ж і хлопцы. Ты яго ведаеш удзень – ён камунікабельны, цікавы чалавек. Прыходзіць ноч – і ўсе лічаць, што ўначы трэба напівацца. Я лічу, што гэта вельмі дрэнна.

Старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў заклікае шэраговых беларускіх чыноўнікаў “уключыць розум”. Яны сёньня працягваюць палітыку русыфікацыі й грэблівага стаўленьня да беларускай мовы. Гэтым самым чыноўнікі падстаўляюць пад удар перш за ўсё сябе.

Алег Трусаў: Бо калі мова загіне, ён ня будзе чыноўнікам. Шасьцю губэрніямі пойдзем у Расею, прышлюць якога мужыка з Кастрамы. А ён у Магадан паедзе. І ўсё. Ён гэта ведае лепш, чым мы з табой. Тут усё проста: ня будзе мовы – ня будзе дзяржавы. Нас жа чакаюць даўно шасьцю губэрніямі. Пуцін жа надаўна зноў паўтарыў, што ён чакае. Ня будзе мовы – ня будзе дзяржавы. І тады будзе іншы чыноўнік – не беларус. Бо ніколі беларусы чыноўнікамі не былі: ні ў Савецкім Саюзе, ні пры панскай Польшчы, ні пад нямецкай акупацыяй. Таму чыноўнікі гэтыя ўсе першымі ляснуцца.

Беларусы – залежныя ад сонечнага сьвятла, таму ўлетку яны менш схільныя пратэставаць. Такую думку наконт актыўнасьці гармадзян навукова абгунтавала Ірына Сьвірэйка, кандыдат біяхімічных навук. 

Ірына Сьвірэйка: Беларусь знаходзіцца ў такой геаграфічнай зоне, дзе даволі нізкая інсаляцыя – колькасьць сонечнага сьвятла. Сонечнае сьвятло – гэта той фактар, ва ўмовах якога адбывалася эвалюцыя на зямлі. Той фактар, які даў магчымасьць арганізму стаць на больш высокую ступень эвалюцыйнага разьвіцьця.

Прыкладна ў кастрычніку беларусы робяцца больш схільнымі да дэпрэсіяў і дэкадансцкіх настрояў. І вось  чаму.

Ірына Сьвірэйка: Па-першае, гэта дэсінхраноз. У нас зьніжаецца ўся наша сутачная рытміка, і зьмяняюцца ўсе працэсы. Плюс мы будзем мець працяглы цемнавы пэрыяд, калі настрой на нулі, самаадчуваньне – дрэннае, эмацыйнага выхаду няма, таму што ўсё шэрае, нецікавае.

Такім чынам, з пункту гледжаньня навукоўцаў і грамадзякіх дзеячаў, беларусам прыйшоў час добра задумацца над сваёй будучыняй. Моладзі – кінуць піць, чыноўнікам – павярнуцца тварам да беларушчыны.
Што тычыцца часу, калі могуць здарыцца буйныя пратэсты ў грамадзтве, то гэта восень – скараціцца колькасьць сонечнага сьвятла й, адпаведна, настрой беларусаў яшчэ больш пагоршыцца.

Аляксандр ПАРОШЫН, Менская вобласьць