• Газавыя пліты не паедуць за мяжу (аўдыё)
  • Audio4.92 MB
  • 13.06.2011

Кажуць, што той, хто тоне, хапаецца нават за саломінку. Такое ўражаньне, што афіцыйны Менск таксама ўсімі сіламі стараецца хапіць за саломку, каб не пайсьці на дно. Прычым хаатычныя пастановы прымаюць характар абсурдных ды проста сьмешных. Прыклад – апошняя пастанова Рады міністраў пад - з выгляду сур’ёзнай - назвай «Аб некаторых пытаньнях рэгуляваньня вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». І вось, аўтамабільнае паліва, вывезенае фізычнай асобай больш за адзін раз на працягу пяці сутак, будзе абкладацца экспартнай пошлінай. Акрамя таго, абмежаваны вываз цукару, мясных кансэрваў у бляшанках, халадзільнікаў, газавых плітаў ды шэрагу іншых тавараў і прадуктаў.

Найбольш на пастанове страцяць людзі, якія жывуць у памежнай зоне. Яны займаюцца малым памежным бізнэсам, ня просяць падачак у дзяржавы, а самастойна зарабляюць на сваё жыцьцё. Яны ў фінансавым пляне незалежныя, і таму, магчыма, небясьпечныя для рэжыму, бо над імі няма кантроля. Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, страцяць ня толькі дробныя гадляры, але і ўся эканоміка, і ўлады зноўку наступяць на тыя ж самыя граблі, як у 1990 гады.

А вось іншы незалежны эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што пастанова прынятая, каб чарговы раз атуманіць насельніцтва, перш за ўсё ў вёсках, і паказаць, што ўрад нібыта працуе.

Паліва сапраўды вывозяць у Польшчу, бо ў Беларусі яно таньнейшае. Але колькі можна вывезьці саляркі ў адным баку? Максымальна 100 літраў. Дарэчы, палякі не здагадаліся, каб абмежаваць вываз аўтапаліва немцамі, што у памежным рэгіёне шырока практыкуецца, бо бэнзін і салярка ў Германіі даражэйшыя. Зь іншага боку, няма што параўноўваць, бо на захад ад ракі Буг – нармальная цывілізаваная рынкавая эканоміка, а ў Беларусі – пачварная мутацыя савецкай эканамічнай мадэлі. І ўвогуле, гучыць парадаксальна пункт пра забарону вывазу газавых пліт і халадзлінікаў. Іх што, масава вывязуць у Польшчу? Дык палякі на іх нават не паглядзяць, бо маюць таньнейшыя, лепшыя ды больш сучасныя вырабы сусьветна вядомых фірмаў.

Тут праблема ў іншым... Калі не атрымліваецца вывесьці краіну з эканамічнага піке, значыць, чыноўнікі ня ўмеюць кіраваць эканомікай і дзяржавай. Лягічны вывад – трэба памяняць чыноўнікаў. А можа хапіла б памяняць толькі аднаго? 

поўны рэпартаж, у тым ліку меркаваньні спэцыялістаў, у далучаным гукавым файле