Апошнім часам у Белaрусі прайшлі розныя грамадзкія акцыі пратэстаў. На гэты раз на вуліцы выйшлі не прадстаўнікі апазыцыі, выйшлі альбо выехалі людзі, якія да гэтае пары не праяўлялі асаблівай грамадзкай актыўнасьці, ня кажучы пра палітычную. Няўжо зьдзяйсьняецца сцэнар, што беларускае грамадзтва не адгукнецца на палітычныя заклікі, а зварухнецца толькі тады, калі падаражэе каўбаса?
Спачатку пратэст аўтамабілістаў, абураных высачэзнымі коштамі на паліва, пасьля ціхія акцыі, зладжаныя пры дапамозе сеціва. Фіналам тыдня стала акцыя на КПП ў Брузгах. Няўжо памяркоўнае беларускае грамадзтва мае ўжо досыць, а ўлады пабачылі, дзе канчаецца мяжа людзкой цярплівасьці. Няўжо, як кажуць працэс пайшоў?
На сёньняшні дзень за свае зарплаты ці пэнсіі ўдаецца пражыць тым, хто купляе выключна прадукты харчаваньня. Не зазірае ў крамы з абсталяваньнем й бытавой тэхнікай і ня марыць аб выпачынку за мяжой. Гэта пераважна людзі старэйшага узросту. Тым, хто мае большыя жыцьцёвыя патрэбы, прыходзіцца неяк выкручвацца.
У грамадзтве усё часьцей чуваць, што пад восень у краіне пачнуцца масавыя пратэсты. Ці да гэтага часу ўлада здолее нешта зрабіць для паляпшэньня грамадзкіх настрояў і спыненьня хвалі пратэстаў?
Падзеі, сьведкамі якіх мы зьяўляемся, вельмі прыгадваюць 1990 год, калі на тагачасных савецкіх прадпрыемствах пачаліся масавыя пратэсты, а рабочыя пачалі выходзіць на вуліцы. Як кажуць, гісторыя любіць паўтарацца. Якія плёны будзе зьбіраць беларускае кіраўніцтва гэтай восеньню, акажацца зусім хутка.
Поўны сюжэт, у тым ліку меркаваньні экспэртаў, слухайце ў далучаным гукавым файле.