Міжнародны валютны фонд можа выдзяліць Беларусі крэдыт толькі пасьля таго, як беларускія ўлады зьдзейсьняць захады па рэфармаваньні й стабілізацыі эканомікі, - гаворыцца ў заяве, зьмешчанай на сайце МВФ. Заява зьявілася па выніках візыту дасьледчай місіі фонду, якая працавала ў Беларусі 1-13 чэрвеня.
У рамках стабілізацыйных захадаў МВФ рэкамэндуе Менску замарозіць заробкі, спыніць друкаваньне грошай і адпусьціць курс беларускага рубля.
Структурныя рэформы эканомікі прадугледжваюць, перад усім, прыватызацыю й стварэньне для яе належных умоваў.
„Плата (за рэформы) будзе такой, што рэальны заробак будзе меншым, чым летась, будзе няпэўнасьць адносна курсу валюты ў будучыні. Але людзі ўжо церпяць ад зьніжэньня заробкаў і няўпэўненасьці, не атрымліваючы пры гэтым ніякіх выгодаў, што прыходзяць са стабільнасьцю”, – падкрэсьліваецца ў заяве МВФ.
svaboda.org/az