• Пачаўся працэс Анджэя Пачобута
  • Audio6.34 MB
  • 14.06.2011

У Горадні праходзціь працэс журналіста ды грамадзкага дзеяча Анджэя Пачобута. Улады абвінавачваюць яго ў абразе прэзыдэнта, а працэс зачынілі ад грамадзкасьці. Аднак гэта не спыніла людзей: дзясяткі чалавек прыйшлі да будынку суда падтрымаць Пачобута.

Анджэй Пачобут – адзін зь лідараў непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюза палякаў Беларусі ды шматгадовы карэспандэнт “Gazety Wyborczej” трапіў у турму 6-га красавіка. Гарадзенская пракуратура ўзбудзіла супраць яго крымінальную справу па абразе гонару і паклёп на Аляксандра Лукашэнку ў ягоных артыкулах ды допісах на блёгу. Такое заключэньне зрабілі дзяржаўныя экспэрты. Журналісту пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня свабоды.
Напярэдадні свайго затрыманьня Анджэй Пачобут сказаў Польскаму радыё, што ягоныя публікацыі былі вельмі крытычныя ў дачыненьні да Лукашэнкі, але не абражалі яго.

Анджэй Пачобут: Там няма ніякіх абразаў у адрас Лукашэнкі. Так, там ёсьць крытыка, часам вельмі вострая крытыка, часам іранічнае стаўленьне яго асобы, але там няма ніякіх абразаў. Гэтая крымінальная справа зьявілася выключна па палітычных прычынах, якія дыктуюць беларускія ўлады.

Сёньня перад судом жонка Анджэя Аксана Пачобут сказала нашаму радыё, што не спадзяецца вызваленьня мужа.

Аксана Пачобут: Не, я ня веру, ды чакаю прысуду на чатыра гады. Анджэй сказаў мне, каб ня слухаць аптымістаў. Будзе чатыры гады ды ўсё. Ён добра сябе адчувае, прынамсі ён так кажа. Як там насамрэч -- я ня ведаю.

Пракарутура запатрабавала засакрэціць працэс. Суд падтрымаў гэтую просьбу. Сёньня міліцыя зачыніла залу судовага паседжаньня, не пусьціўшы туды нават Аксану Пачобут. Дзеяч Саюза палякаў Беларусі Ігар Банцар выказаў зьдзіўленьне зачыненым характарам суда.

Ігар Банцар: Калі Анджэя судзяць за яго публічныя выступы ды выказваньне сваіх думак, то працэс павінен быць адкрытым. Прчым максымальна адкрытым, каб кожны сам выпрацаваў сабе меркаваньне. Рашэньне пра засакрэчаньне працэсу – гэта нейкі абсурд для мяне.

Сёньня раніцаў міліцыя зачыніла й самога Банцара. Яго затрымалі невядомыя асобы пры выхадзе з дому. Распавядае беларускі журналіст Павал Мажэйка, які размаўляў зь ім па тэлефоне ў гэты момант.

Павал Мажэйка: Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Пачобута Ігар Банцар быў затрыманы сёньня. Якраз ён мне тэлефанаваў у момант затрыманьне й сказаў, што калі ён выходзіў з дому, невядомыя асобы абвінавацілі яго ў непадпарадкаваньні іх рашэньням, хаця яны ня мелі ніякіх апазнавальных знакаў. Ён крычаў мне, што яго б’юць. У дадзены момант ён недзе знаходзіцца ў міліцыі, няма ніякай інфармацыі. Таксама затрымалі сёньняшнюю кіраўнічку Саюза палякаў Анджаліку Арэхва.

Закрыты характар судовага працэсу не паўстрымаў людзей ад праяваў салідарнасьці. Да будынку суда прышло каля 200 чалавек, каб выказаць падтрымку Анджэю Пачобуту. Распавядае Павал Мажэйка.

Павал Мажэйка: А дзесятай гадзіне забралося каля 200 чалавек. Гэта незалежныя журналісты, актывісты грамадзкіх арганізацыяў, сябры гарадзенскіх партыяў, актывісты Саюза палякаў. Частка людзей прыйшла ў майках з напісам “Свабода” па-беларуску ды польску. Людзі трымаюць у руках нумар газэты “Głos z-nad Niemna na uchodźtwie”, які прысьвечаны сёньняшняму працэсу. Людзі час ад часу крычаць “Свабода! Дэмакратыя!”. Актывісты Саюза палякаў сьпяваюць ды моляцца.

Сярод тых, хто прыехаў у Горадню падтрымаць Анджэя Пачобута была старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Яна зазначыла, што сёньняшні працэс мае безпрэцэдэнтны характар.

Жанна Літвіна: Сам факт узбуджэньня крымінальнай справы супраць Анджэя Пачобута можна патлумачыць толькі адным: цяпер трэба прымусіць журналістаў замаўчаць. Самае суровае пакараньне заўсёды атрымліваюць самыя непакорныя людзі. Трэба зьвесьці рэзананс ад гэтай судовай справы да мінімума, трэба ня даць журналістам асьвятляць гэты працэс, і значыць, што ня ўсё ў парадку з абвінавачаньням і доказамі. Каб гэта прыхаваць ад грамадзкасьці, было прынятае рашэньне зрабіць гэтае судовае паседжаньне закрытым.

Больш радыкальна выказаўся Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік беларускай дзяржавы. На ягоную думку, суд над Анджэем Пачобутам – гэта расправа над свабодай слова.

Станіслаў Шушкевіч: Усе тыя дзеяньні па арышце людзей, па прымяненьні артыкула, што нехта нешта гаворыць на прэзыдэнта – гэта ўціск улады ў адносінах да людзей, якія хочуць карыстацца належнымі свабодамі й правамі. Кожны чалавек павінен ахоўвацца аднолькава. Калі абралі такога прэзыдэнта, які брэша сам увесь час ды маніць публічна, ды яго яшчэ ахоўваць – гэта недапушчальна.

Абарона Анджэя Пачобута ў якасьці сьведкі запрасіла ў суд Аляксандра Мілінкевіча, лідара Руху “За свабоду”, які заявіў, што будзе сьведчыць на карысьць журналіста, бо гэты суд носіць палітычны характар.

Аляксандар Мілінкевіч: Анджэя судзяць за тое, што ён сказаў, што Лукашэнка дыктатар ды нелігітымны прэзыдэнт. Але пра гэта піша ўся Беларусь ды кажуць дэмакратычныя палітыкі, грамадзкія дзеячы. Судзіць яго няма за што, я пра гэта буду казаць. У мяне адназначная ацэнка, што гэта палітычна матываваны працэс. Калі Анджэя пасадзяць – ён будзе вязьнем сумленьня. Я лічу, што чалавека судзяць за цьвёрджую ды рашучую грамадзянскую пазыцыю, за тое, што ён адстойвае сваю годнасьць ды нас усіх.

Паводле словаў адваката, працэс можа зацягнуцца на некалькі дзён. У падтрымку Анджэя Пачобута выказалася мноства беларускіх ды замежных палітыкаў, журналістаў, грамадзкіх дзеячаў. На днях стала вядома, што польскі сьпявак Мечыслаў Шчэсьняк адмовіўся ад удзелу ў журы “Славянскага базару” ў знак салідарнасьці з Анджэям Пачобутам ды ўсімі палітзьняволенымі ў Беларусі.

Нядаўна стала вядома, што працэс перапынены да 17 чэрвеня ў сувязі з тым, што пракурор падаў хадайніцтва аб зьмене абвінавачаньня.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч