• У Берасьці адчынілася фотавыстава “Тэатр ў аб’ектыве” (ФОТА)
  • 15.06.2011

Упершыню ў Берасьці адчынілася фотавыстава, якая прызначана скласьці пазытыўныя адносіны грамадзтва да творчасьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Адкрыцьцё выставы адбылося ў кінатэатры “Беларусь”. Фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, былі зробленыя берасьцейскімі фатографамі падчас міжнароднага фэстывалю асобых тэатраў “Непратаптаны шлях”, які праходзіў 30 красавіка – 2 траўня на сцэне Цэнтра моладзевай творчасьці ў Берасці.

 

Вера Яромава, арганізатар мерапрыемства: Прыкладна 10 фатографаў падалі заяўкі, каля 8 фатографаў дайшлі да фэстываля. На працягу трох дзён яны рабілі фатаздымкі, пасьля дасылалі працы па электроннай пошце.

Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала абвяшчэньне імёнаў пераможцаў, якія прынялі ўдзел у фотаконкурсе з аднаіменнай назвай “Тэатр у аб’ектыве” . Конкурс праходзіў у чатырох намінацыях:  “Акторы”, “Вакол фэстывалю”, “Партрэт” і “Мастацкі погляд”.

Вера Яромава: Асноўная рыса конкурсных здымкаў у тым, што ацэньваецца ня столькі майстэрства аўтара, колькі сацыяльны складнік фотаздымка. Сацыяльны фотаздымак – гэта такая плынь, калі на першае месца выходзяць эмоцыі, жыцьцё людзей, характары ці жыцьцёвыя праблемы.

Пераможцам фотаконкурса “Тэатр у аб’ектыве” стаў Віктар Байкоўскі, які заняў 1 і 4 месцы ў намінацыі “Акторы”, 1 месца ў намінацыі “Вакол фэстывалю”, 2 месца ў намінацыі “Партрэт”, 2 і 4 месцы ў намінацыі “Мастацкі погляд”. За першыя месцы ў намінацыях пераможца атрымаў купоны на 100.000 беларскіх рублёў, а таксама магчымасьць паездкі на фэстываль “Непратаптаны шлях” у Львоў. 

 

Адным з арганізатараў фотаконкурсу стаў берасьцейскі фотаклюб “Погляд”. Кіраўнік фотаклюбу Алег Рачкоўскі адзначыў, што падобнае цеснае супрацоўніцтва з прафэсійнымі фатографамі адбываецца ўпершыню.

Алег Рачкоўскі: Фотаклюб існуе ўжо больш за 3 гады й мы ўпершыню так цесна супрацоўнічаем з прафэсійнымі фатографамі.

Старшыня Берасьцейскага абласнога арамадзкага аб’яднаньня  “Інвалід і асяроддзе” Іван Шмыга падкрэсьліў, што галоўнай каштоўнасьцю фотавыставы “Тэатр у аб’ектыве” зьяўляецца ўзаемная рэабілітацыя й маладых людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, і грамадзтва.

Іван Шмыга: Гэтая выстава садзейнічае нашым мэтам. Мэта – гэта рэабілітацыя маладых інвалідаў і рэабілітацыя грамадзтва. Уся гэтая выстава паказвае творчасьць гэтых маладзёнаў, якая часам цалкам перавышае тое, што ад іх чакаюць людзі. І наш фотавідэаклюб “Погляд”, і мастакі як так званы згустак так званай вышэйшай творчасьці ад грамадзтва аб’ядноўваюцца, і атрымоўваецца вельмі добры рэзананс. Гэта фотавыстава й рэабілітацыя ў квадраце. Мы рэабілітуемся й разам з намі рэабілітуецца грамадзтва. У гэтым я бачу галоўную каштоўнасьць.

 

Адзін з актораў тэатру, Антон Савейка, лічыць, што важным у арт-тэрапіі зьяўляецца тое, што яна дапамагае раскрыць людзям свае таленты.

Антон Савейка: На мой погляд, гэта выдатная выстава. Арт-тэрапія вельмі карысная рэч, безь якой людзі, часам, ня могуць раскрыць свой талент. Мне таксама падабаецца займацца тэатрам, гэта такое хоббі. Я іграю ня толькі у такіх тэатрах, як гэты, але таксама займаюся ў тэатры пры царкоўным брацтве, і ў тэатры “Люстэрка” ў Доме культуры чыгуначнікаў.

Усе жадаючыя могуць паглядзець фотавыставў “Тэатр у аб’ектыве” да 30 чэрвеня.

Рада Міровіч, Берасьце

на фота: зьверху - арганізатары Вера Яромава, Ірына Трацюк, Алег Рачкоўскі; другі здымак зьверху - адзін зь пераможцаў Станіслаў Каршуноў; зьнізу - пераможца Віктар Байкоўскі.

фота аўтара