Старшыня камісіі замежных справаў Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка папракае свайго польскага адпаведніка Анджэя Галіцкага, ў тым, што яго словы разыходзяцца з праўдай. Пра гэта ён заявіў карэспандэнту Польскага радыё ў Менску.
На пачатку чэрвеня старшыня камісіі замежных справаў польскага Сэйму абверг інфармацыю аб атрыманьні ліста беларускіх парлямэнтароў у справе кансультацыяў адносна Карты паляка. Карпенка заяўляе, што адпаведны ліст быў высланы з захаваньнем усіх прынцыпаў дыпляматыі.
Ігар Карпенка: Ліст высланы дыпляматычным каналам, акрамя таго нотай нашага амбасадара ў Варшаве быў накіраваны ў польскі МЗС і Сакратарыят польскага Сэйму.
Карпенка дакарае польскі бок у „палітычнай гульні, якая абапіраецца на двайныя стандарты”. Гэта рэакцыя на заяву польскага дэпутата аб немагчымасьці перамоваў зь беларускімі дэпутатамі ў сувязі зь іх нелегітымнасьцю.
Ігар Карпенка: Спадар Галіцкі заяўляе, што мы – нелегітымны парлямэнт і ён ня хоча з намі размаўляць. Разам з тым я атрымліваю новую інфармацыю пра тое, што намесьнік спадара Галіцкага дэпутат Тышкевіч вельмі занепакоены тым, якім чынам будзе адбывацца ратыфікацыя дамовы аб малым памежным руху паміж Польшчай і Беларусьсю. Я не разумею, калі мы нелегітымныя, то навошта выказваць заклапочанасьць адносна ўвядзеньня дадзенага законапраекту ў дзейнасьць. Мне падаецца, што на сёньняшні дзень афіцыйная Варшава сама правакуе сытуацыю й абвастрае адносіны паміж дзьвюма краінамі.
Апошнім часам Карта паляка выклікае нэгатыўныя эмоцыі ў афіцыйнага беларускага боку, які імкнецца вынесьці на міжнародны форум пытаньне адпаведнасьці польскага дакумэнту зь міжнародным заканадаўствам.
кр