У аўторак цэнтрам грамадзка-палітычнага жыцьця беларускай грамадзянскай супольнасьці стала Горадня. Амаль ля самай мяжы з ЭЗ пачалася паказальны палітычны працэс над грамадзкім дзеячам і журналістам выданьня „Gazeta Wyborcza” Анджэем Пачобутам. Яму пагражае да 4 гадоў пазбаленьне свабоды толькі за тое, што ён апісваў рэальную сытуацыю ў Беларусі. У ягоны артыкулах экспэрты знайшлі паклёп і абразу кіраўніка краіны.

Пасьля перапынку пракурор папрасіў перанесьці працэс на пяніцу ў сувязі з неабходнасьцю перакваліфікаваньня абвінавачаньняў.  Яшчэ перад пачаткам суду журналіст сказаў жонцы, што працэс пройдзе хутка, бо прысуд прывязуць ў папцы са сталіцы.

Пракурор мяняе кваліфікацыю абвінавачаньня, адвакат зьбіраецца знаёміцца са зьменамі ў актах справы, а Пачобут, ягоныя сваякі, паплечнікі ды й проста неабыякавыя людзі чакаюць.

Адвакат Пачобута Аляксандар Бірылаў паведаміў, што калі абвінавачаньні будуць зьмененыя істотным чынам, то ён запатрабуе час на знаёмства зь імі.  Тады працэс можа быць перанесены на наступны тыдзень. Паводле словаў адваката, журналіст трымаецца цьвёрда.

Аляксандар Бірылаў: Андpэй мае баявы настрой і як заўсёды гатовы змагацца. Аднак ён прастужаны й патрабуе лекаў, каб прынамсі быць у стане даваць паказаньні й адстойваць свае правы.

Бацька журналіста Станіслаў Пачобут сказаў Польскаму радыё, што спадзяецца максымальнага прысуду для сына.

Станіслаў Пачобут: Краіна, у якой мы жывем, гэта былая савецкая краіна. А трэба памятаць, што Савецкі Саюз вельмі баяўся праявіць слабасьць і „даціскаў” справу да канца. Так можа адбыцца й на гэты раз.

Падчас першага паседжаньня былі заслуханыя паказаньні траіх экспэртаў, што аналізавалі артыкулы журналіста, якія быццам бы абражаюць і зьневажаюць Аляксандра Лукашэнку.

Паколькі працэс адбываецца ў закрытым рэжыме, у залю паседжаньня не ўпусьцілі сям’і, журналістаў ды нават польскага консула, які зьбіраўся сачыць за хадой суду.

Консул Яцэк Даліва не захацеў камэнтаваць сытуацыю, аднак паведаміў, што консульская ўстанова прыклала ўсе намаганьні, каб польскі дыплямат мог прысутнічаць на працэсе.

Яцэк Даліва: У адпаведнасьці з усімі прынцыпамі дыпляматыі мы зьвярнуліся па тэлефоне шмат разоў з просьбай даць дазвол на прысутнасьць на працэсе ў якасьці назіральніка. На жаль, мы не атрымалі ніякага адказу, а цяпер я проста, як вы бачылі, «пацалаваў» дзьвярны замок.

Са свайго боку афіцыйная Варшава прадпрымае адпаведныя крокі з мэтаю вызваленьня свайго суайчыньніка, заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

Дональд Туск: Польшча выкарыстае ўсе даступныя інструмэнты, у тым ліку нашае старшынства у Эўразьвязе і „Ўсходняе партнэрства”, каб патрабаваць прытрымліваньня элемэнтарных правоў чалавека ў Беларусі. На нас могуць усе разьлічваць, хаця, як вядома, рэжым Лукашэнкі моцна перашкаджае ў пасьпяховай рэалізацыі нашых дзеяньняў.

Працэс Анджэя Пачобута не зьяўляецца першым падобнага роду здарэньнем у гісторыі беларускай незалежнай журналістыкі. 9 гадоў таму ў гэтым жа гарадзенскім судзе адбываўся падобны суд. Тады на лаве падсудных апынуліся журналісты апазыцыйнай рэгіянальнай газэты „Пагоня” Павал Мажэйка й Мікола Маркевіч. Мажэйку далі 2 гады „хіміі”, Маркевічу- 2,5. Іх таксама судзілі за абразу Лукашэнкі.

Абодва журналісты прыйшлі пад будынак суду ў знак салідарнасьці з калегам, якому цяпер даводзіцца адстойваць свае правы.  Мікола Маркевіч кажа, што гэты працэс дакладна адлюстроўвае лёс незалежных журналістаў у Беларусі.

Мікола Маркевіч: Нельга змагацца з тым, што зьяўляецца самым вялікім набыткам чалавечай цывілізацыі - са свабодай думкі. Тое, што ізноўку адбываецца ў Горадні, я лічу велізарным дзікунствам, якое зьяўляецца ганьбай для ўсяго беларускага народу, для ўсёй краіны.

Не абышлося ў Горадні й без міліцэйскіх эксцэсаў. У арышт на 5 дзён патрапіў журналіст і польскі грамадзкі дзеяч Ігар Банцар. Яго міліцыя чакала на парозе ўласнай кватэры й затрымала яшчэ перад судом Пачобута. Судзьдзя Ленінскага раённага суду Стасюкевіч разглядала справу Банцара за зачыненымі дзвярамі. Банцара абвінавацілі нібыта ў нецэнзурнай лаянцы. Ягоны адвакат заявіў, што Банцара затрымалі, каб ён ня мог прыбыць на працэс Пачобута.

Гэтай жа думкі прытрымліваецца й старшыня непрызнаванага ўладамі СПБ Анжаліка Арэхва. Яе міліцыя пільнавала ў аўторак цэлы дзень, неаднойчы спрабаваўшы прывезьці на допыт. Жанчына патрабавала прыезду адваката, і толькі пад вечар міліцыянты ад яе адчапіліся.

У знак пратэсту супраць дзеяньняў міліцыі й суда Ігар Банцар аб’явіў сухую галадоўку.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч