Жаночы інстытут "Энвіла" бліжэйшым часам ня будзе рэарганізаваны, паведаміла Ларыса Чарапанава, рэктар прыватнай адукацыйнай установы. Паводле яе словаў, установа будзе працаваць па раней узгодненых плянах. У адпаведнасьці з рашэньнем Міністэрства адукацыі, адбудзецца новы набор абітурыентаў.
Нагадаем, 6 чэрвеня на калегіі Міністэрства адукацыі была прынятая пастанова № 6, у адпаведнасці зь якой з 2011 году інстытут "Энвіла" спыняе набор абітурыентак і будзе рэарганізаваны. Аднак пасьля абнародаваньня інфармацыі рэктару пазванілі зь Міністэрства адукацыі й паабяцалі, што ўступная кампанія ў ВНУ пройдзе як звычайна.
Жаночы інстытут "Энвіла" быў заснаваны ў 1994 годзе. Гэта першая ў Беларусі й СНД вышэйшая навучальная ўстанова толькі для жанчын. Місія інстытута — адраджэньне традыцый і прэстыжу жаночай адукацыі, якая максымальна адпавядае запытам асобы й грамадства. ВНУ рыхтуе высокакваліфікаваных лінгвістаў, псыхолягаў і мэнэджэраў-эканамістаў, канкурэнтаздольных на рынку працы.
кр/БелаПАН