• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Запісы ”- 2
  • 16.06.2011

 

Вітаўт Кіпель адзначыў выхад кнігі Аўгена Калубовіча Мова ў гісторыі беларускага пісьменства, якая была выдадзена на 86 балонках у Мюнхэне-Лёндане ў гадох 1974-1975.  Матэрыял кніжкі пададзены ў 6 разьдзелах: „Пісьмовыя сьветчаньні пра беларускія бібліятэкі й архівы XІІ-XVІІІ ст.ст.; Сьветчаньні пра гібель помнікаў пісьменства; Вывазы помнікаў пісьменства зь Беларусі; Нішчэньне помнікаў пісьменства; Спробы звароту ў Беларусь помнікаў беларускага пісьменства; Дзе цяпер помнікі пісьменства X-XVІІІ ст.ст.” (Тамсама, с. 139)

 В. Кіпель заўважыў, што занадта агульны назоў кнігі не аддае ейнага зьместу. Толькі на другой старонцы паяўляецца другі загаловак – Лёс помнікаў старога беларускага пісьменства, але й ён не адлюстроўвае бібліяграфічнага перш за ўсё зьместу кніжкі. У кнізе ня ўзятаыя пад увагу многія апрацоўкі, як: Гісторыя беларускае кнігі Пётры Крэчэўскага, якая была апублікаваная ў Празе ў 1926 годзе ў зборніку „Маладая Беларусь” і ў якой дадзены даволі дэталёвы агляд гісторыі рукапіснае й друкаванае кнігі ў Беларусі ды яе кнігасховаў, Пытаньне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым Уладзімера Пічэты, апублікаванай у Працах Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту за 1928 год у Менску, дзе знаходзіцца матэрыял пра бібліятэку Віленскай акадэміі навук і ейны лёс падчас швэдзкае акупацыі Беларусі, артыкул Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча аўтарства Антона Луцкевіча, зьмешчыны ў Гадавіку Беларускага навуковага таварыства за 1933 год у Вільні, дзе знаходзіцца вопіс збораў гэтага музэю, Польскі біяграфічны слоўнік 1964-1965 гадоў, які паведамляе пра зборы А. Ельскага, праца Польскія зборы, архівы й бібліятэкі Эдварда Хвалевіка ў двух тамах, выдадзеная ў Варшаве ў гадох 1926-1927, дзе знаходзіцца інфармацыя пра некалькі дзясяткаў бібліятэк, архіваў і музэяў на беларускіх землях, праца Н. Эрнста Бібліятэка графаў Храбтовічаў, што выйшла ў Петраградзе ў 1914 годзе. Ня выкарыстаныя й не паказаныя найважнейшыя матэрыялы пра крыж сьвятое Афрасіні Полацкае, якія можна знайсьці ў працах П.Н. Бацюшкова Белоруссия и Литва (С.-Петербург 1890,) і Л.В. Аляксеева Лазарь Богша – Мастер ювелир XII века (Советская археология, Москва 1957). Пры вопісе беларускіх матэрыялаў у архівах за межамі Беларусі прапушчаныя публікацыі АН ЛССР, дзе ёсьць і вопіс фондаў рукапісаў былога Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Выпушчаная зь віду й Бібліяграфіі Скарыніяны (,,Запісы”, кн. 5, Мюнхэн 1970). Поўнасьцю прапушчаная інфармацыя пра беларускія помнікі пісьменства, пісаныя арабскімі літарамі, якія грунтоўна апрацаваў А.К. Антановіч Белорусские тексты, писаные арабским письмом, и их графико-орфографическая система (Вильнюс 1968), а дапоўнілі Г.М. Мэрэдыт-Оўэнс і А. Надсон (The Byelorussian Tartars and their Writings, by G.M.Meredith-Owens and Alexander Nadson , The Journal of  Byelorussian Studies, Vol. II, № 2. London, 1979).

 „Усё-ж, не зважаючы на ўсе няўлікі, на важныя пропускі ды на іншыя недастаткі, праца аўтара піянерская, як першая спроба ўліку, дакумэнтацыі ды арганізацыі матар’ялаў пра памяткі старога беларускага пісьменства, пра бібліятэкі, пра архівы, яна бясспрэчна будзе карыснаю пры далейшай працы над іх выяўленьнем, паўнейшым улікам, дакладнейшым вопісам” (В. Кіпель, Аўген Калубовіч. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства (Рукапіснага й друкаванага). Мюнхэн-Лёндан, 1974-1975, 86 б. (Адбітка із час. ,,Божым шляхам”, Лёндан, 1974 г., №1.139 – 4.143), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 143.

Ніна Баршчэўская