• У Братыславе адбылася сустрэча прадстаўнікоў краін Вышаградзкай групы
  • 16.06.2011

У Братыславе адбылася сустрэча  прадстаўнікоў краін Вышаградзкай групы. Прэм’ер-міністры Славаччыны Івэта Радзічава, Вугоршчыны Віктар Орбан, Польшчы Дональд Туск і віцэ-прэм’ер Чэхіі Карэль Шварцэнбэрг абмеркавалі, між іншым, вугорскае старшынства ў ЭЗ і прыярытэты польскага старшынства. На сустрэчы ў Братыславу не прыехаў чэскі прэм’ер Пэтр Начэс у сувязі з масавымі страйкамі ў краіне.

Неабходна зазначыць, што дзьве краіны Вышаградзкай групы сёлета адказваюць за працы Эўразьвязу: у бягучым паўгодзьдзі гэтую ролю выконвае Вугоршчына, а 1 ліпеня гэтыя абавязкі пяройме Польшча.

Асноўнымі прыярытэтамі польскага старшынства ў ЭЗ зьяўляюцца эўрапейская інтэграцыя, бясьпечная Эўропа й адкрыцьцё Эўропы на супрацу зь іншымі партнэрамі. Польшча зацікаўлена, каб іншыя краіны Вышаградзкай групы далучыліся да рэалізацыі гэтых пытаньняў. Упаўнаважаны па зьнешніх кантактах польскага старшынтва Конрад Ніклевіч сказаў Польскаму радыё, што супраца з партнэрамі з Вышаградзкай групы ў гэтым аспэкце вельмі важная.

Конрад Ніклевіч: Краіны Вышаградзкай групы прытрымліваюцца такой жа пазыцыі, як і Польшча ў вядучых пытаньнях, такіх як энэргетычная бясьпека ці новы доўгатэрміновы бюджэт ЭЗ на 2014-2020 гады.

Падчас сустрэчы палітыкі закранулі пытаньне рэалізацыі „Ўсходняга партнэрства”.

Конрад Ніклевіч: Гэта чарговая тэма, па якой усе краіны Вышаградзкай групы маюць аднолькавы падыход. Усе гэтыя краіны зацікаўленыя ў далейшым разьвіцьці „Ўсходняга партнэрства”.

Прадстаўнікі Вышаградзкай групы сустрэліся з прэм’ер-міністрам Малдовы Ўладам Філатам. Абмяркоўвалася, між іншым, унутраная сытуацыя ў Малдове, патэнцыйнае далучэньне Малдовы да ЭЗ і сытуацыя ў Прыднястроўі.


У лютым гэтага году Вышаградзкая група адзначыла юбілей 20-годзьдзя дзейнасьці.
15 лютага 1991 году прэзыдэнты трох краінаў былога камуністычнага блёку: Польшчы, Вугоршчыны й Чэхаславакіі – Лех Валэнса, Ёзэф Антал і Вацлаў Гавел падпісалі ў вугорскім Вышаградзе сумесную дэклярацыю аб імкненьні да інтэграцыі з Эўразьвязам. 1 траўня 2004 году ўжо чатыры эўрапейскія краіны – Польшча, Вугоршчына, Чэхія й Славаччына – былі прынятыя ў склад эўрапейскай супольнасьці.


КР