Польшча – гэта краіна клубнікі. Тут ня толькі яе многа вырошчваюць для ўнутраных патрэбаў, але й экспартуюць. Праўда, у апошні час плянтатары скардзяцца, што ім цану зьбіваюць кітайскія канкурэнты. Але, зь іншага боку, хоць польская клубніка ды вырабы зь яе даражэйшыя, чым кітайскія прадукты, дык напэўна ягады з-над Віслы намнога смачнейшыя. Я, напрыклад, стараюся не купляць імпартаваных раньняй вясной, бо яны альбо зь цяпліцаў, альбо зь іншых краін. А вось польская клубніка з грунту – проста пальчыкі абліжаш! Адзін з самых сакавітых ды араматных гатункаў – гэта клубнік “Marmolada” - у перакладзе з польскай мовы “Мармелад” - гэтак называецца від. Ягады буйныя, не вадзяністыя, з моцным натуральным водарам. Так што калі цяпер будзеце ў Польшчы і ўбачыце клубніку, дык запытайцеся, што гэта за гатунак. Калі “Мармелад”, абавязкова трэба купіць, і я ўпэўнены, што не пашкадуеце.
У польскай кухні клубніка займае пачэснае месца. Яе дадаюць у марожанае, у малочныя кактэйлі, робяць жэле, зь цёртай клубнікай падаюць бліны ды... нават робяць суп. Так, я не памыляюся – гэта называецца “zupa owocowa” – то бок “ягадны суп”. Праўда, мае знаёмыя-беларусы, якія прыяжджаюць у Польшчу, на назву “ягадны суп” пачынаюць крывіцца, но бо суп у народным уяўленьні – гэта з кавалкам мяса, са слоем тлушчу, нібы бурштынам, з бульбай і гэтак далей – адным словам, сытная страва. Але ў такую сьпёку варта паспрабаваць усё ж зрабіць ягадны суп, тым больш, што клубнічны сэзон – у самым разгары. Рэцэптураў мноства, а вось адзін зь іх. Рыхтуем 15-20 ягад клубнікі, палову торбачкі клубнічнага кісяля, 3-4 лыжкі цукару (я люблю трысьняговы), некалькі лісьцікаў сьвежай мяты, макароны-ракушкі.
Макароны – зь дзьве шклянкі - адварваем ды адцэджваем. Памытую клубніку рэжам на палову, а большыя ягады – на 4 часткі. Заліваем паўтара літрамі вады ды гатуем 2-3 хвіліны. Пазьней дадаем цукар, кісель разводзім ў халоднай вадзе й вадкасьць таксама дадаём у каструлю з клубнікай для загусьценьня. На талерку кладзем порцыю макаронаў ды заліваем клубнічнай вадкасьцю. Наверх для ўпрыгожаньня – некалькі лісьцікаў мяты. Варта паспрабаваць, арыгінальная страва. Смачна есьці ды прыемнага водару клубнікі!
вс