• Галоўнае пасланьне прэс-канфэрэнцыі: рэформаў ня будзе!
  • Audio5.35 MB
  • 17.06.2011

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў прэс-канфэрэнцыю для беларускіх СМІ. Доўжыляся яна амаль пяць з паловай гадзінаў. Амаль увесь гэты час гучаў маналёг кіраўніка краіны, які зрэдку быў перарываны нясьмелымі пытаньнямі журналістаў. У звыклай манэры Аляксандар Лукашэнка крытыкаваў сваіх уяўных апанэнтаў, якіх у залі амаль не было. Мы вырашылі выправіць несправядлівасьць і прапанавалі эканамісту Яраславу Раманчуку пракамэнтаваць асноўныя тэзысы выступу Лукашэнкі.

“У Беларусі няма ніякага крызысу, -  заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад журналістамі. Ёсьць паніка і ажыятаж!” Ужо ня першы раз у эканамічных праблемах Беларусі ён абвінаваціў саміх жа беларусаў.

А. Лукашэнка: Я вас папярэджваў. Вы мяне не паслухалі. Вы пачалі купляць валюту, пачалі забіраць дэпазыты з банкаў, каб абмяняць іх на гэтую валюту. Далей, калі валюты не хапіла, вы пачалі купляць соль, цукар, запалкі, воцат – усё тое, чаго ў нас больш чым дастаткова. Ну і што? Сёньня няма цукру? Ёсьць. Толькі цана на яго вырасла. Попыт стаў прычынай павышэньня цаны. Чаго мяне цяпер крытыкуеце? Попыт падштурхнуў цэны!

Абвінавачваць у крызысе беларускіх грамадзянаў абсурдна - кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. У эканамічную яму краіна ішла амаль пяць гадоў. І за гэты час улады не зрабілі нічога, каб выправіць сытуацыю.

Я. Раманчук: Пяць гадоў запар рос дэфіцыт гандлёвага балянсу, дэфіцыт плацёжнага балянсу. І ўрад нічога не рабіў. У сьнежні 2010 году ўрад на 50% павысіў заробкі для бюджэтнікаў, справакаваўшы рост грашовай масы й рост цэнаў. За 5 месяцаў гэтага году грашовая маса павялічылася на 31%. У такой сытуацыі ня могуць не расьці цэны, ня можа не зьніжацца курс рубля. Нацыянальны банк і ўрад зрабілі ўсё, каб людзі пачалі нэрвавацца й страцілі давер да беларускага рубля ды банкаўскай сыстэмы.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня будзе праводзіць ніякіх структурных рэформаў, як гэтага патрабуюць дэмакраты й Захад. Структурныя рэформы, паводле Аляксандра Лукашэнкмі, азначаюць закрыцьцё нафтаперапрацоўчых заводаў і сельгаспрадпрыемстваў. Каб іх замяніць новымі прадпрыемствамі, трэба велізарныя грошы – тлумачыць Лукашэнка.

А. Лукашэнка: Таму калі кажуць, што трэба мяняць структуру эканомікі, а Лукашэнка, нягоднік, ня хоча, то я адказваю: “Прэба памяняць? Добра! Але трыльён даляраў на гэта трэба знайсьці”.

Структурныя рэформы заключаюцца ня ў тым, каб выдаліць якійсьці сэктар зь беларускай гаспадаркі, а перадусім ў тым, каб павялічыць долю сярэдняга й малога бізнэсу ў эканоміцы краіны – тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Ніхто ня кажа, што трэба нешта зьнішчаць, каб рабіць структурныя рэформы. Мы кажам пра тое, каб разьняволіць і лібэралізаваць малы й сярэдні бізнэс. Краіне патрэбныя прадпрымальнікі, мільёны гаспадароў, а не адзін “бацька” у коле ста тысячаў чыноўнікаў, якія разьмяркоўваюць увесь бюджэт.

Які ж выхад з крызыснай сытуацыі бачыць Аляксандар Лукашэнка? Нарасьціць экспарт, абмежаваць цэны, утрымаліваць усё так, як ёсьць. Калі раней улады абяцалі пабудаваць “моцную й квітнеючую Беларусь” праз 2-3 гады, то сёньня Лукашэнка кажа, што на мадэрнізацыю краіны пойдуць доўгія дзесяцігодзьдзі.

А. Лукашэнка: Які ў нас ёсьць шлях? Калі ў нетрах ёсьць рэсурсы ў выглядзе калійнай солі, лесу і на рынку ёсьць попыт, то гэтыя напрамкі трэба разьвіваць. Патроху адыходзіць ад прадпрыемстваў, якія зашмат імпартуюць, альбо захоўваць іх, але не разьвіваць,пры гэтым ствараць новыя. Але на гэта пойдуць дзесяцігодзьдздзі. Нашага з вамі жыцьця ня хопіць. І для гэтага патрэбныя немалыя грошы. 

 Алясандар Лукашэнка заявіў пра тое, што валюта ў бліжэйшыя часы ў абменьніках ня зьявіцца. Калі ж крызыс прыцісьне мацней – ён увогуле зачыніць межы.

А. Лукашэнка: Сёньня людзі перажываюць, што цэны высокія, а некаторым, бачыш, імпарту не хапае! Есьці ёсьць што? Купіць у краме і паесьці ёсьць што? Грошай не хапае? Некалькі месяцаў – і мы выйдзем з гэтай сытуацыі! Але галоўнае, што мы можам вырабіць сваё. І калі ўвогуле будзе катастрофа, то зачынім межы й будзем купляць толькі тое зь імпарту, што нам трэба!

Такая палітыка пагражае Беларусі катастрофай, кажа Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Гэта прывядзе да падзеньня ўзроўню жыцьця беларусаў ніжэй за ўзровень 2000 году, калі 100 даляраў лічылася добрым заробкам. Беларусь – малая адкрытая эканоміка. Яна павінна быць адкрытай і гандляваць з усім сьветам. Прысудам для сёньняшняй палітыкі зьяўляюцца наступныя лічбы: паводле рэальнага рынкавага курсу, сярэдні заробак у Беларусі складае 252 даляры, а ва Ўкраіне – 318. Напрыканцы гэтага году нават у Малдове будзе 285!

Аляксандар Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, што ў рынкавую эканоміку ён ня верыць і не зьбіраецца прызнаваць сваіх памылак. Рэформаў ня будзе. Краіна працягне той шлях, якім ішла пад яго кіраўніцтвам 17 гадоў. Толькі ўсё больш экспэртаў кажуць, што гэта шлях у нікуды.


Аляксандар Папко