• Чаму беларуская поп-музыка ня мае посьпеху? (аўдыё)
  • Audio4.41 MB
  • 18.06.2011

Чаму беларуская поп-музыка ня мае посьпеху? І як зрабіць папулярнымі беларускіх эстрадных артыстаў?
Пра гэта карэспандэнту Беларускай службы Польскага радыё распавяла беларуская дыджэйка Воля Заяц.
Яна ня толькі грае на вечарынах, але й прывозіць у Беларусь слынных замежных клюбных выступоўцаў. Дыджэйка й сама часта наведваецца за мяжу, дзе ў адрозьненьне ад беларускіх эстрадных артыстаў яе рады бачыць.

Ня так даўно вядомая беларуская брэйкбіт-дыджэйка Воля Заяц атрымала ўзнагароду TopDJ Awards 2011. Праўда, гэтым разам не за выступы на вечарынах, а за іх арганізацыю. Воля кіруе прамоўтэрскай групай  “Have a nice beat”. Таму ведае, як зарабляюцца грошы ў беларускім шоў-бізнэсе, і як яго можна ўдасканаліць.
Чаму беларускія эстрадныя артысты, як, скажам, Саладуха ці Саша Нэма, мякка кажучы, ня маюць посьпеху за мяжой? А нашы дыджэі, як Воля Заяц і Alex Mad, складаюць шчыльныя гастрольныя графікі ў заморскіх краінах?

Гераіня гэтага сюжэту не раскрывае нейкіх неверагодных сакрэтаў. Проста клюбная культура ў Беларусі адносна свабодна разьвіваецца, а эстраду нехта кантралюе.

Воля Заяц: І маючы, напрыклад, голас, талент, ты прыйдзеш на кастынг, а табе скажуць: “Не”. Таму што чыя-небудзь дачка адкуль-небудзь скажа: “Я хачу тут удзельнічаць”. І ты пойдзеш далей лесам, і ніхто цябе ня будзе слухаць. Хоць у цябе будзе й голас, і талент, і харэаграфічныя дадзеныя.  

Самы просты мэтад давесьці гэтую думку – беларускі нумар на апошнім “Эўрабачаньні”. Волю Заяц дзівіць артыстка Анастасія Віньнікава: як тая трымаецца на сцэне, яе голас.

Воля Заяц: Пракураны, нізкі. Я ўпэўненая, што калі зайсьці ў нашу Акадэмію музыкі, то ў нас ёсьць дзеці з галасамі. У іх трэба ўкласьці грошы, паказаць, як рухацца. І яны выступяць ня горш за Азэрбайджан, які перамог. Як можна было паслаць песьню з такім тэкстам? Яе да конкурсу могуць хадзіць і напяваць людзі, асабліва моладзь. Дзяўчынкі-адзінаццаціклясніцы ў той жа Нямеччыне. Песьня можа быць на слыху. І што атрымліваецца? Яны будуць хадзіць і сьпяваць песьню “Ай лав Беларус”? Ну, нельга было дасылаць песьню з такім тэкстам.

Адносная закрытасьць беларускай дзяржавы закранула й клюбнае жыцьцё. Зь кінастужак мы прызвычаіліся ўяўляць дыджэя, які грае на вэнілавых кружэлках. Але з-за “строгіх” парадкаў на беларускай мытні кружэлкі з-за мяжы даходзяць да нашых дыджэеў, калі кампазыцыя на носьбіце ўжо робіцца неактуальнай.  

Воля Заяц: Пачынала граць з вэнілавых кружэлак. Але аказалася, што ў нас гэта вельмі дорага, вельмі доўга з-за нашай мытні. Зь любой кропкі сьвету замоўленая кружэлка дойдзе за чатыры дні. А на нашай мытні знаходзіцца два тыдні, часам два месяцы. Пакуль ня прыйдзе нехта й не праверыць, каб на гэтай кружэлцы не было запісу нейкага опэрнага сьпевака ці нейкага іншага рэдкага запісу. Таму пакуль зь Лёндана кружэлка дойдзе да нас, трэк ужо зьяўляецца ў лічбавай вэрсіі.

Таму беларускія дыджэі з задавальненьнем выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі й замаўляюць найноўшыя трэкі празь інтэрнэт. 

Воля Заяц: Частку трэкаў купляем у інтэрнэце. Ёсць, напрыклад, спэцыяльныя парталы як  chemicalrecords.co.uk. Там ты выбіраеш трэкі, а артыстаў вельмі шмат. Тыя ж ангельцы Atomic Hooligan, якіх я прывозіла ў Менск. Гэта своеасаблівая крама па продажы трэкаў. З карткі здымаюць грошы, і на скрыню прыходзіць кампазыцыя. У сярэднім гэта каштуе 4-5 фунтаў за трэк. Ёсьць на такіх парталах і альбомы – сярэдні кошт 20 эўра. 

Воля Заяц распавяла й пра густы маладых беларусаў, большасьць зь якіх пакуль выбіраюць больш пафасныя музычныя кірункі. Напрыклад, тэхна.

Воля Заяц: Гэта музыка, вядома, старая, даўно нарадзілася. Але яна больш простая. Мэнталітэт людзей, якія ходзяць на такія вечарыны, яны такія ўсе “што гэта на табе апранута”. Брэйкбіт лічыцца музыкай больш андэграўнднай, а тэхна – больш “мажорнай”. Таму на брэйкбіт прыходзіць ня так шмат людзей, як у Эўропе.

Адпаведна й ня ўсе прадстаўнікі клюбнай культутры зьяўляюцца да канца культурнымі людзьмі, што дыджэйцы не падабаецца.  Яна распавядае пра свае назіраньні збоку на буйным тэхна-фэстывалі Mayday ў Менску.

Воля Заяц: Я была на фэстывалі Mayday у “Менск-Арэне”. Я прыехала а палове на другую, і такой колькасьці сьмецьця ня бачыла ўжо даўно. Такое ўражаньне, што дзе іду, там і кідаю сваю бляшанку. Чаму, ня ведаю. Сьметніцы стаялі паўсюль. Ня ведаю, ці можна так казаць, але дзьве траціны ад усіх наведвальнікаў  паводзілі сябе непрыстойна. Чаму? Можа быць, ад нежаданьня нешта рабіць, думаць галавой.

Разам з тым дыджэйка адзначыла, што замежныя брэйкбіт-дыджэі, якія прыязджаюць у Беларусь на гастролі, вітаюць добразычлівасьць беларусаў. Таксама Воля Заяц адзначыла, што ў краіне разьвіваецца нямала рэгіянальных клюбаў. І часта ў абласных цэнтрах знаходзіцца болей цаніцеляў якаснай клюбнай музыкі, чым у сталіцы.

Аляксандр Парошын, Менская вобласьць