• У. Някляеў стаў ляўрэатам прэміі “За свабоду думкі” (аўдыё+фота)
  • Audio3.79 MB
  • 20.06.2011

На малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, што на Ўшаччыне, была ўручаная чацьвёртая па ліку прэмія імя пісьменьніка “За свабоду думкі”.

Сёлета ляўрэатам прэміі стаў кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, лідар грамадзянскай кампаніі  “Гавары праўду!”, паэт Уладзімер Някляеў. Ляўрэаты атрымліваюць узнагароду – бронзавую фігурку “За свабоду думкі” аўтарства скульптара Віктара Копача і дыплём.

 

Новага пераможцу прэміі абіраюць ляўрэаты мінулых гадоў. Раней прэмію атрымалі літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімtр Арлоў, Павал Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца, арганізатар многіх культурніцкіх імпрэзаў Ада Райчонак.

Уладзімtр Арлоў: Год, які прайшоў ад нашай леташняй сустрэчы тут, быў часам выпрабаваньняў для ўсіх нас, для нашай краіны. І ў гэтых выпрабаваньнях дух Быкава быў з намі. Ён і сёньня з намі, калі ў чацьвёрты раз уручаецца прэмія “За свабоду думкі”, якая прысуджаецца за творчую й грамадзкую дзейнасьць на карысьць свабоды.

Уладзімер Някляеў у сваёй прамове прыгадаў сваю апошнюю сустрэчу з Васілём Быкавым.

Уладзімер Някляеў: Не ўспамінаецца драбязы. От, нічога не было дробязнага. Ад самага пачатку й да нашай апошняй сустрэчу ў шпіталі, за тры дні як яго ня стала. За тры дні я ішоў туды, ня ведаючы, з чым прыйсьці, гэта зноў жа адносіны з Быкавым. Гэтыя адносіны прымусілі мяне падумаць аб тым, а з чым я зараз прыйду да чалавека, які сам ведае, што яго хутка ня стане. А ён ведаў, і прыехаў дахаты паміраць, што б там хто ні гаварыў. Што каштоўнае насамрэч у гэтым сьвеце? Усё становіцца на  свае месцы на такіх вось “быкаўскіх” рубяжах. Гэта чалавек, які ўсё сваё жыцьцё прастаяў на рубяжах.

На гэтую сустрэчу Някляеў набыў суніцы й белую ружу. Тое, што мела для Васіля Быкава пэўны сэнсавы зьмест.

Уладзімер Някляеў: Ніякавата таптаўся перад тым, як увайсьці ў палату, зноў жа – што сказаць? З жахам дума, як я вярнуўся з Хэльсінкі, зь Фінляндыі, дзе жыў у кватэрцы, якую да мяне паўтары гады займаў Васіль Быкаў. Павітаўся, аддаў яму сунічкі, Ірына Міхайлаўна забрала ружу. І ён, надкусваючы сунічку, у яго пацякла кроў з вуснаў,  сказаў: “Я вось падумаў, а што ў жыцьці трэба чалавеку? Само жыцьцё, адна жанчына, і адна кветка... Ён не патрабаваў ад жыцьця шмат, у тым сэнсе, як гэтага патрабуе большасьць людзей – грошай, лепшай ежы, лепшай адзежы. Ён патрабаваў таго, чаго патрабуе толькі высокі духам чалавек – сапраўднага напаўненьня жыцьця жыцьцём.

Прэмія была заснаваная ў 2008 годзе кіраўніком руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Ушанаваньне ляўрэатаў па традыцыі праходзіць у вёсцы Бычкі на радзіме Васіля Быкава.

Марыя Кароль