• У “Берасьцейскай крэпасьці” адзначаюць 70-я ўгодкі пачатку ВАВ
  • Audio1.92 MB
  • 21.06.2011

Памятныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 70-м угодкам пачатку Вялікай Айчынный вайны, адбудуцца 21 і 22 чэрвеня ў Берасьці.

21 чэрвеня традыцыйна на чыгуначны вакзал прыбудзе “Цягнік памяці” з вэтэранамі ВАВ. Пасьля чаго на вул. Савецкай будзе праходзіць рэканструкцыя даваеннага Берасьця мірнага часу. Мітынг-рэквіем пачнецца ў мэмарыяльным комплексе на плошчы Цырыманіялаў у сымбалічны час пачатку вайны – а 4-й гадзіне раніцы 22 чэрвеня.

Да 70-х угодкаў з дня пачатку вайны ў Берасьці пабудаваны два помнікі. Памятны знак ахвярам Галакоста на Паўночных могілках быў урачыста адчынены 19 чэрвеня. Помнік Памежнікам і іх сем’ям, загінуўшым у першыя дні ваенных дзеяньняў, усталяваны недалёка Тарэспальскай брамы на тэрыторыі мэмарыяльнага комплекса “Берасьцейская крэпасьць-герой”. Афіцыйнае адкрыцьцё помніка адбудзецца 22 чэрвеня, з удзелам міжнародных дэлегацый і высокапастаўленых гасьцей.

У той жа час неабыякавыя берасьцейцы й мясцовыя дасьледчыкі гісторыі крэпасьці гавораць пра дапушчальныя масавыя пахаваньні недалёка сучаснага Сьвята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора. На сайце "Фартыфікацыя" (www.fortification.ru) і ў сацыяльных сетках апублікаваны фотаздымак чэрвеня-ліпеня 1941 года, зроблены нямецкім фатографам, на якім палонныя чырвонаармейцы пад штыкамі акупантаў скідваюць целы загінуўшых суайчыньнікаў у яму, паўсталую пасьля выбуху снараду. У выніку працаў 52-га пошукавага батальёну ў 2010 годзе рэшткаў пахаваньняў знойдзена не было.

Да гэтага часу не вядомыя дакладныя лічбы й імёны многіх людзей, загінуўшых у крэпасьці. Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да пытаньня яшчэ не пахаваных гэрояў і ўшанаваць іх памяць, энтузіясты прапануюць 22 чэрвеня ўскласьці чырвоныя гваздзікі й запаліць зьнічкі ў месцы меркаванага пахаваньня на тэрыторыі крэпасьці.

Рада Міровіч, Берасьце