Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў міністра ўнутраных спраў аб тым, што наступная акцыя кшталту “Стоп-Бэнзін!” (адбылася 7 чэрвеня) будзе каштаваць чыноўніку службовага крэсла. Можна прагназаваць, што будучыя захады аўтамабілістаў заявіць пра свае правы ня пройдуць гэтак жа гладка, як папярэдняя акцыя.
Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё пагутарыў зь беларускімі аўтамабілістамі. Ці гатовыя яны зноўку выехаць пратэставаць на цэнтральныя праспэкты?”
23-гадовы кіроўца “Фіята Пунта” Алег не зьяўляецца актывістам апазыцыйных партый, але думае пра тое, каб у будучым далучыцца да аўтапратэстоўцаў.
Алег: У гэтай акцыі я не ўдзельнічаў, таму што знаходзіўся ў іншым месцы. Але калі паліва зноўку падаражае на невядомую суму, то я думаю, што таксама далучуся. Шчыра кажучы, тое, што адбылося, у параўнанні зь мінулым годам, гэта істотна.
Настаўнік з Салігорска Сяргей Вітальевіч (42 гады) перадае свае назіраньні. На яго думку, колькасьць аўтамабіляў на беларускіх дарогах стала меншай. І гэта вымушаная мера. Застаецца толькі пратэставаць.
Сяргей Вітальевіч: А што ж людзям рабіць, калі інакш яны ня могуць выказаць свае меркаваньні. Што ж ім рабіць? Яно й так бачна, што людзі менш сталі езьдзіць. Менш аўтамабіляў бачна. Мабыць, толькі гэта й дапамагае, такія акцыі. У мяне аўтамабіль ёсьць, але я на ім пакуль ня езджу. Але ж буду ездзіць.
Перакладчыца з буйной турыстычнай фірмы Людміла (24 гады, езьдзіць на “Таёце Сэліцы”) ня лічыць, што эканамічна крызыс закрануў яе асабіста. І атамных коштаў на паліва яна пакуль не заўважыла.
Людміла: Увогуле тое, што павялічыўся кошт даляра, кошт паліва, гэта вядома. Але гэта мяне не хвалюе, я атрымоўваю грошы ў валюце, нармальна зарабляю. Таму не магу сказаць, што я знаходжуся ў цэнтры гэтага крызысу. Дагэтуль ня ведаю, колькі каштуе бэнзін, прыязджаю на запраўку й кажу: “На ўсе”.
Маша, аднагодка Людмілы (адміністратарка ў адным зь менскіх супэрмаркетаў) увогуле перастала езьдзіць на таксоўках пасьля апошняга падвышэньня коштаў. Але пакуль дзяўчына больш жартуе, чым абураецца паліўным і эканамічным крызысам.
Маша: Я пехам хаджу. На таксоўцы… Раней яшчэ дазваляла сабе таксоўку, а зараз… Мяне сябры падвозілі нядаўна, аддалі з вуліцы Кальварыйскай да Лошыцы 40 тысяч беларускіх рублёў. У Берасьце каштуе зьезьдзіць – 30 тысячаў. У купэ. Таму я на таксоўцы ня езджу, я дома сяджу.
Чыгуначнік Пётр (31 год, майстр на Менскім аўтазаводзе, кіроўца “Мазды-3”) не адносіць сябе да ліку зацятых пратэстоўцаў. Але істотныя падаражэньні ў хуткім часе змусяць і яго выязджаць ды сыгналіць на сталічным праспэкце. Хоць ёсьць і альтэрнатыўны варыянт – красьці ў дзяржавы.
Пётр: Калі народ падцягнецца, так, буду выязджаць, пратэставаць. Кошты ўжо як зашкалілі! Наш Бацька ўжо й адчуў гэта, і пабачыў. Калі зноўку падымуць кошты, а яны падымуць, прыйдзецца красьці ў дзяржавы, езьдзіць на казённым бэнзіне. Ёсьць кропкі на працы, у іншых людзей можна знайсьці. Зараз не ўкрадзеш – не пражывеш. Без машыны зараз таксама цяжка.
Пяцікурсьнік аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў Аляксандар (23 гады, кіроўца “Рэно Лягуны”) бязь ценю сумненьня заявіў, што гатовы далучацца да будучыў аўтапратэстаў. Удзельнічаў ён і ў папярэдняй акцыі “Стоп-Бэнзін”. Іншага выйсьця няма, лічыць хлопец, эканамічная сытуацыя пакрысе робіцца безвыходнай.
Аляксандр: Так, я гатовы выходзіць на двор і змагацца з гэтай праблемай, як і ўсе астатнія людзі. З нашымі сёньняшнімі зарплатамі ў 150 даляраў людзі не заўжды могуць дазволіць сабе раскошу ў ежы, я не кажу пра тое, каб заправіць машыну й куды-небудзь паехаць. Зь аднаго боку, баюся, з іншага, не баюся.
Я ведаю, якія будуць наступствы, калі мяне зловяць. Таму я павінен пабачыць, што гэтага хоча шмат людзей, а ня я адзін і са мной які-небудзь дзясятак.
Цягам гэтай апытанкі ніводзін чалавек не сказаў пра тое, што ён задаволены сёньняшняй сытуацыяй. Можа быць гэта таму, што пераважная большасьць людзей, зьвязаных з аўтамабілямі -- асобы непэнсійнага ўзросту.
Зрэшты, асноўнай рухальнай сілай усіх пратэстаў заўжды зьяўлялася моладзь.
Аляксандр Парошын, Менская вобласьць