• Станіслаў Пачобут: “Я ганаруся сваім сынам!” (аўдыё+фота)
  • Audio4.87 MB
  • 22.06.2011

Бацька вядомага журналіста й дзеяча непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, якія напаткалі іх сям’ю, верыць, што праўда, за якую змагаецца ягоны сын, рана ці позна пераможа. Наш карэспандэнт у Горадні Вацлаў Галімскі сустрэўся з бацькам апальнага журналіста Станіславам Пачобутам, каб даведацца зь першых вуснаў ягонае бачаньне сытуацыі.

Станіслаў Пачобут, колішні настаўнік і краязнаўца, пражыўшы багатае жыцьцё, бачыць аналёгіі паміж сёньняшнім рэжымам і колішняй савецкай сыстэмай.

 

Станіслаў Пачобут: Маю ўжо вельмі многа гадоў, і жыў пры савецкай уладзе. А гэтая ўлада, гэтае права – тое, што было пры саветах, і я нічога добрага не чакаю ад такога правасудзьдзя...

Як вы ацэньваеце грамадзянскую пазыцыю свайго сына? Бо грамадзянская пазыцыя – гэта адно, а адносіны бацькоў і сям’і – зусім іншае...

Станіслаў Пачобут: На фоне гэтых выпадкаў, што адбыліся ў Менску пасьля выбараў, вельмі баяўся, каб мой сын не панёс, як асобныя кандыдаты. Для мяне было б страшна ўявіць, каб мой сын пачаў каяцца. А калі мы ўбачыліся, пагаварылі, веру, што сын будзе трымацца цьвёрда. Бо так напраўду, я быў бы вельмі сумны й  пакрыўджаны лёсам, каб мой сын кагосьці забіў, камусьці дарогу перайшоў, кагосьці абгаварыў, кагосьці абакраў... Але сын мае свае погляды, якіх цьвёрда трымаецца, і гэта мяне вельмі цешыць...

Ці не падаецца, што ваш сын стаўся разьменнай картай у палітыцы паміж Польшчай і Беларусяй?

Станіслаў Пачобут: Я б так не сказаў, хаця вялікія людзі, якія займаюць пасады, часта гавораць пра гэта. Мне здаецца, тут рэч прасьцейшая, бо сын быў дзеячам польскага аб’яднаньня. Пасьля ён быў непакорны. А ў нас заўсёды было так: “Я сказал – ты обязан это сделать!”. Гэта кара за ягоную непаслухмянасьць і дзейнасьць на карысьць польскасьці на гэтых землях. Многія людзі не разумеюць,  што мы, палякі, маем тут карані, што Беларусь – нашая радзіма, што мы павінны служыць для беларускай культуры й мовы. Але час пакажа. Нават адкідаючы гэты рэжым, хачу сказаць, што гэта яшчэ не канец, не паддаліся Расеі, не перайшлі на іх грошы. Гэта плюс. Хацелася шукаць нешта добрае, нават у тым кепскім стане, што цяпер у нас ёсьць: крызыс, палітычны перасьлед, цэлая пляяда палітычных вязьняў! Але душа просіць чагосьці лепшага ў гэтым краі. А люд тут вельмі добры... Я б хацеў сказаць, што Беларусь пачала не з таго канца. Трэба было пачынаць ад роднай мовы, культуры, літаратуры... Спорт ня зробіць з нас патрыётаў!

У сувязі з тым, што Анджэя арыштавалі, ці адчулі вы, вашая сям’я падтрымку грамадзкасьці, сяброў, нейкіх арганізацый?

Станіслаў Пачобут: Сапраўды, першы раз ў жыцьці хацелася заплакаць. Нядаўна прыйшоў у хату да маёй унучкі малады чалавек, у якога жонка памерла. Прынёс ягады, іншыя падарункі, падзякаваў і пайшоў, нават імені не назваў. Кажуць, што гэта наш, свой чалавек з Горадні. Але такіх вельмі многа. Трэба сказаць, што Польшча нас цяпер падтрымлівае. Ужо няма ўрадаў Ярузэльскіх, Квасьнеўскіх... Якая б партыя ў Польшчы не прыходзіла да ўлады, усё роўна нас будуць падтрымліваць. Гэта вера выходзіць з таго, што палякі – нашы суайчыньнікі. І гістарычна закладзена ў палякаў падтрымліваць адно аднаго.

Вацлаў Галімскі (фота аўтара)