Агульнапольскі плян дзеяньня ў галіне выкарыстаньня энэргіі з аднаўляльных крыніцаў прадугледжвае, што да 2020 году ў Польшчы задзейнічаюць марскія ветравыя комплексы моцаю 500 мэгаватаў.

Як заявіў віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі Вальдэмар Паўляк, магчымасьці й пляны разьвіцьця гэткага віду аднаўляльнай энэргетыкі ў Польшчы маюць пэрспэктывы, але дзеля іх рэалізацыі неабходныя інвэстыцыі.

Вальдэмар Паўляк: Згаданай інвэстыцыі ня можна параўнаць з наземнай ветравой энэргетыкай, паколькі гаворка ідзе пра значна большыя кошты. Тут і шанец рэнтабельнасьці большы, але й большыя тэхнічныя праблемы. Гледзячы на тое, што адбываецца ў Паўночным моры, можна сказаць, што патэнцыял гэткага роду энэргетыкі вялікі. У выпадку Польшчы, гэта было б пашырэньне крыніцаў энэргіі, асабліва на поўначы краіны, дзе электрычнасьці не хапае.

- лічыць міністар эканомікі Вальдэмар Паўляк. 

Старшыня Фундацыі на карысьць стабільнай энэргетыкі Мацей Стрыеўскі не скрывае, што кошт будаўніцтва марскіх ветравых комплексаў - вялікі. Пры гэтым, лічыць экспэрт, немалы таксама аб'ём рынку, на якім падобныя інвэстыцыі будуць рэалізаваныя.

Мацей Стрыеўскі: Фінансавы аб'ём рынку марскіх ветравых комплексаў у Польшчы, паводле нашых ацэнкаў, складае 15-25 млрд. эўра - гэта гіганцкі патэнцыял. Прынамсі палова згаданых сродкаў можа застацца ў польскіх фірмах і на прадпрыемствах мэталюргічнай ці суднабудаўнічай прамысловасьцяў. У адзін ветравы комплекс моцаю 1 гігават неабходна заінвэставаць каля 250 млн. эўра.

- ацэньвае старшыня Фундацыі на карысьць стабільнай энэргетыкі Мацей Стрыеўскі.

Паводле Вальдэмара Паўляка, рэалізацыяй дарагіх праектаў могуць заняцца як прыватныя, так і дзяржаўныя фірмы.

Вальдэмар Паўляк: Гэта могуць быць, напрыклад, фірмы, акцыянэрам якіх зьяўляецца дзяржава, напрыклад, ENERGA ці PGE (Пэ-Гэ-Э).  Але я не выключаю магчымасьці заангажаваньня прыватных інвэстыцыйных сродкаў. Я думаю, што ў гэтай галіне прыватны капітал спатрэбіцца.

- лічыць міністар эканомікі Вальдэмар Паўляк.

Узьнікненьню марскіх энэргакомплексаў павінны паспрыяць юрыдычныя новаўвядзеньні, якія тычацца, між іншым, зьмены закону аб марскіх тэрытарыяльных водах Польшчы й марской адміністрацыі. Праект зьменаў надоечы быў накіраваны на подпіс ў Канцылярыю прэзыдэнта.

Паводле старшыні Польскага таварыства ветравой энэргетыкі Богдана Гуткоўскага, закон зьяўляецца свайго роду «канстытуцыяй» для плянаваных інвэстыцыяў - дакумэнтам, які рэгулюе фармальныя бакі будаўніцтва марскіх ветравых комплексаў.

Богдан Гуткоўскі: Па-першае, зьмененыя былі б спосабы аплаты за доступ і магчымасьць узьвядзеньня комплексаў. Правілы, якія дзейнічаюць сёньня, састарэлыя, бо ні адзін інвэстар не заплаціць 1% кошту інвэстыцыі на правядзеньне досьледаў па эфэктыўнасьці ветравой энэргіяй. Гаворка ідзе пра інвэстыцыі, кошт якіх складае мільярды злотых. Наступная справа - гэта прадаўжэньне тэрміну дзейнасьці дазволаў на эксплюатацыю комплексу з цяперашніх 5 да 30 гадоў.

- заявіў старшыня Польскага таварыства ветравой энэргетыкі Богдан Гуткоўскі.  Нагадваем, да гэтага часу, апрача недастаткова разьвітай інфраструктурнай сеткі й адсутнасьці адпаведных энэргетычных ліній, праблемай было таксама польскае заканадаўства. Паводле яго марскія ветравыя комплексы - гэта штучныя выспы, якія паводле польскага заканадаўства могуць існаваць толькі 5 гадоў. Тым часам працэс інвэстыцыі ў будаўніцтва комплексу складае 7-8 гадоў, а эксплюатацыя - 20-25 гадоў. 

Актуальна ў Міністэрстве эканомікі заканчваецца праца над праектам адмысловага закону, датычнага энэргіі з аднаўляльных крыніцаў, які ўвядзе стабільную й карысную сыстэму падтрымкі марскіх ветравых комплексаў.

Пакуль экспэрты падкрэсьліваюць, што рынак марскіх ветравых энэргакомплексаў у Польшчы разьвіваецца павольна, хоць краіна лідыруе ў агульным выкарыстаньні ветравой энэргіі, асабліва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

У Польшчы агульная моц усіх наземных энэргакомплексаў склала на чэрвень 2010 году 1005 мэгаватаў. Тым часам для выкананьня патрабаваньнаў Эўразьвязу па аднаўляльнай энэргіі палякі павінны павялічыць моц ветравых электрастанцыяў да 10-12 тыс. мэгаватаў да 2020 году.

У выпадку ўвядзеньня ў жыцьцё неабходных юрыдычных зьменаў ды зацікаўленьня інвэстараў, першыя марскія ветравыя комплексы дадуць чыстую энэргія праз 10 гадоў.

Марскія ветравыя энэргаўстаноўкі лічацца больш эфэктыўнымі ў параўнаньні з наземнымі, бо на моры большая сіла ветру й, адпаведна, генэратары выпрацоўваюць больш энэргіі.   

аз