Праваслаўныя вернікі пачалі Пятроўку

У апошні панядзелак (20 чэрвеня) праваслаўныя вернікі пачалі пост перад сьвятам апосталаў Пятра й Паўла. Пост называюць Пятровым або інакш - Апостальскім.

Ягоная працягласьць залежыць ад таго, калі выпадае Вялікдзень, паколькі пост пачынаецца пасьля 8 нядзелі па Вялікодных сьвятах. Такім чынам ён можа працягвацца ад 8 да 42 дзён.

Пятроўка, гэта адзін з чатырох працяглых пастоў у праваслаўі. Ён менш строгі, чым Вялікі пост, аднак жа праваслаўныя ў гэты пэрыяд не павінны спажываць мяса, пры гэтым дазваляецца есьці рыбу ва ўсе дні, акрамя серады й пятніцы.

Найбольш працяглы Пятровы пост — шэсць тыдняў, а найменш— восем дзён. Пятроўка закончыцца пост 11 ліпеня.

Летува выплаціць габрэям кампэнсацыі за страчаную маёмасьць

Летувіскія ўлады вырашылі выплаціць габрэйскім арганізацыям кампэнсацыі за маёмасьць, захопленую гітлераўскімі й савецкімі акупантамі падчас і пасьля заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны. На гэтую мэту летувіскі парлямэнт выдзяліць больш за 37,5 мільёна эўра.

Выплата кампэнсацыяў пачнецца з 2013 году й будзе працягвацца да 2023 году. Асяродзьдзе летувіскіх габрэяў выказала задаволенасьць прынятым праектам, падкрэсьліваючы, што згаданы крок зьяўляецца прыкладам добрай волі летувіскіх уладаў.

Фондам будуць упраўляць арганізацыі летувіскіх габрэяў. Сродкі будуць прызначацца на рэлігійныя мэты, фінансаваньне адукацыйных і культурных праграмаў, а таксама на мэдычнае абслугоўваньне габрэяў у Летуве.

Перад ІІ Сусьветнай вайной на тэрыторыі цяперашняй Летувы пражывалі 220 тысячаў габрэяў. Вільню называлі „Ерусалімам Поўначы”. Падчас акупацыі ў 1941 – 1944 гадах гітлераўцы забілі 95% габрэйскага насельніцтва, а іхная маёмасьць была захопленая спачатку нямецкімі акупантамі, а пазьней – савецкімі камуністычнымі ўладамі. 

Паводле габрэйскіх арганізацыяў, цяпер у Летуве пражывае каля 5 тысячаў габрэяў.


Пакістан: мясцовыя рэлігійныя лідары супраць тэрарызму                    

Рада мусульманскіх духоўных з Паўночнага Вазірыстану ў Пакістане лічыць самагубчыя акты тэрарыстаў нязгоднымі зь верай ісляму.

Больш за 300 духоўных лідараў са згаданага рэгіёну заклікалі іншаземцаў, якія прабываюць на тэрыторыі Вазірыстану, спыніць якія-колечы акты насільля.

Паўночны Вазірыстан лічыцца бастыёнам талібаў, якія змагаюцца зь сіламі NATO ў Афганістане.

Гэта таксама тэрыторыя падрыхтоўкі тэрарыстаў-самагубцаў, што дзейнічаюць на тэрыторыі ўсяго Пакістану. Паводле паказаньняў аднаго з тэрарыстаў, з мэтай правядзеньня самагубчых тэрарыстычных атакаў у правінцыі Пэнджаб у Вазірыстане былі падрыхтаваныя амаль 300 хлопцаў. Паводле праваабаронцаў, уцягваньне дзяцей у тэрарызм - гэта вынік галечы насельніцтва. „Бедныя хлопцы вераць у тое, што калі яны загінуць у выніку самагубчага тэракту, яны пойдуць у неба, дзе ня будзе голаду”, - тлумачаць праваабаронцы.

Паводле апошніх дасьледаваньняў, на якія спасылаюцца пакістанскія СМІ, 80% жыхароў Паўночнага й Паўднёвага Вазірыстану пакутуюць ад псыханэўралягічных хваробаў як выніку пражываньня пад пастаяннай пагрозай з боку тэрарызму, насільля й налётаў амэрыканскіх безьпілётных самалётаў.

Дні ўдзячнайсьці за бласлаўлёнага ў Сувалках

Рэліквіярый з крывёй бласлаўлёнага Яна Паўла ІІ ды асабістыя рэчы папы рымскага–паляка цягам двух апошніх дзён можна было пабачыць у парафіі сьв. Пятра й Паўла ў Сувалках.
  
Учора й сёньня ў згаданай парафіі праходзяць Дні ўдзячнасьці за дар бэатыфікацыі бласлаўлёнага.

Рэліквіі паходзяць з Цэнтру Яна Паўла ІІ у Кракаве. У Сувалкі прыехаў таксама Мабільны музэй Сьвятога Айца. Учора ў рамках дзён удзячнасьці прайшоў дабрачынны канцэрт у выкананьні Хору познаньскай філярмоніі „Познаньскія Салаў’і”.

Сярод вернікаў прайшоў збор фінансавых ахвяраваньняў на будаўніцтва Дому адзінокай маці ў Элку.

Сёньня рэліквіі папы-рымскага паляка выстаўленыя на паказ і адарацыю ад 7 раніцы да 21 гадзінаў. Апоўдні была адпраўлена сьвятая імша – падзяка за бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ.
    
Падрыхтавала Анна Задрожна