• У.Някляеў перадаў прэмію музэю В.Быкава (фота)
  • 22.06.2011

У Гародні адбылася сымбалічная перадача прэміі “За свабоду думкі” стваральніку грамадзкага музэя Васіля Быкава - вэтэрану вайны й працы Мікалаю Мельнікаву. Гэтую прэмію, заснаваную Рухам “За Свабоду”, 19 чэрвеня атрымаў вядомы паэт, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў. Зважаючы на праблемы з ушанаваньнем памяці народнага пісьменьніка Беларусі, Уладзімер Някляеў вырашыў перадаць прэмію музэю Васіля Быкава ў Горадні.

 

Перадача прэміі “За свабоду думкі” прайшла ў кулюарнай атмасфэры на кватэры заставальніка грамадзкага музэя Васіля Быкава ў Горадні, ветэрана вайны й працы 87-гадовага Мікалая Мельнікава. Як паведаміў каардынатар кампаніі “Гавары праўду” па Гарадзеншчыне Зьміцер Бандарчук, гэта было зроблена, зважаючы на стан здароўя заснавальніка музея

Зьміцер Бандарчук: Адзін зь ініцыятараў кампаніі “Гавары праўду” Аляксандар Фядута прыехаў у Горадню, каб перадаць прэмію “За свабоду думкі”, якую атрымаў Уладзімер Някляеў ад Аляксандра Мілінкевіча,  Аляксандру Мельнікаву – дырэктару музэя Быкава ў Горадні. Гэта вельмі прыгожая статуэтка. У нас адбылася сустрэча, падчас якой Аляксандар Фядута перадаў прэмію й зачытаў ліст ад Удладзімера Някляева...

Пра ідэю перадачы прэміі распавёў літаратуразнавец і палітык Аляксандар Фядута, які адмыслова з гэтай нагоды прыехаў у Горадню

Аляксандар Фядута: Уладзімер Някляеў прыняў рашэньне перадаць гэтую прэмію разам са статуэткай – выявай чалавека-летуценьніка, які ляціць побач з птушкамі, музэю Васіля Быкава. Ён застаецца ляўрэатам, таму што ў дыплёме ягонае імя. Але ён звярнуўся да заснавальніка музея зь лістом: “Найшаноўны Мікалай Аляксандравіч! 19 чэрвеня 2011 мне была ўручана прэмія імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”, заснаваная Рухам “За Свабоду”. Атрымліваючы прэмію, я ня ведаў, што адным з намінантаў быў музэй Васіля Быкава ў Горадні. Спадзяюся, ні журы, сябры якога за мяне прагаласавалі, ні заснавальнікі прэміі не ўскрыўдуюць, калі 22 чэрвеня, у знакавы для Быкава і ўсіх нас дзень, я перадам прэмію музэю. Паважаны Мікалай Аляксандравіч! Асабіста вашыя высілкі й дабрачынныя праца вашых паплечнікаў па ўратаваньні й захаваньні ўсяго, што зьвязывае Васіля Быкава з Гродна, я лічу духоўным подзьвігам. Асабліва з улікам тых умоў, у якіх вам давялося адстойваць і рэалізоўваць ідэю быкаўскага музэя. Так што ёсьць усе падставы для таго, каб лічыць дзею перадачы прэміі перамогай справядлівасьці, якую ўсё сваё жыцьцё адстойваў Васіль Быкаў. Прэмія заслужана ваша...”

Мясцовыя актывісты кампаніі “Гавары праўду”, паводле словаў Зьмітра Бандарчука, і надалей будуць займацца пытаньнямі ўшанаваньня памяці Васіля Быкава.

Зьміцер Бандарчук: Грамадзкая кампанія “Гавары праўду” працуе па пытаньні Быкава ня толькі ў Городні, але па ўсёй краіне, не апошні час, а на працягу года, як стварылася кампанія. У плянах – далейшая барацьба за захаваньне музэя ў Горадні, каб туды маглі хадзіць людзі, каб зьявіліся афіцыйныя шыльды на дамах, дзе жыў і працаваў Васіль Быкаў. Мы хочам ініцыяваць акцыю, каб Васіль Быкаў стаў Ганаровым грамадзянінам Горадні.

Уладзімер Някляеў жадаў бы асабіста перадаць прэмію, але ён знаходзіцца пад пільным наглядам спэцслужбаў і падпіскай аб нявыезьдзе зь Менску, гаворыць Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута: Усе мы знаходзімся насамрэч пад падпіскай аб нявыезьдзе. І калі мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне, вырашылі, што калі будуць арыштоўваць, дык няхай арыштоўваюць Фядуту. Бо Някляеў павінен застацца на свабодзе. Я спадзяюся, што ня будуць арыштоўваць і мяне, бо я прыехаў у свой родны горад у дзень сьмерці Быкава. У іншы дзень перадача прэміі ня мела бы такога сымбалічнага значэньня. Апроч таго, гэта мая Радзіма, тут жывуць мае сваякі, якія ня бачылі мяне шмат часу. Апошні раз я сюды прыязджаў падчас акцыі збору подпісаў за перайменаваньне адной з вуліц у гонар Васіля Быкава.

Прэмія “За свабоду думкі” мае збольшага сымбалічнае значэнне. Аднак грамадзкія актывісты з розных куткоў Беларусі сабралі таксама матэрыяльныя сродкі, каб хоць неяк дапамагчы Грамадзкаму музэю Васіля Быкава.

Вацлаў Галімскі, Горадня

на фота: А.Фядута