• Калі беларускі рабочы пачне баставаць?
  • 23.06.2011

Карэспандэнту Беларускай службы Польскага радыё ўдалося пагутарыць з супрацоўнікам аддзела кадраў Менскага трактарнага завода – аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны.

Былы рабочы, ён распавёў пра тое, як завадчане рэагуюць на эканамічную сытуацыю ў краіне й якія праблемы падштурхнуць рабочага да забастовак.
Імя, прозьвішча й дакладную пасаду супрацоўніка мы не называем (дадзеныя захоўваюцца ў рэдакцыі).

Колькі тыдняў таму разышлася чутка пра тое, што на МТЗ адбыўся страйк, які спынілі з дапамогай спэцназу. “Ці здарылася гэта насамрэч?” – пытаемся ў службовай асобы.
 
Супрацоўнік аддзела кадраў МТЗ: Я ня чуў пра такое. У інтэрнэце чытаў, вядома, наконт забастоўкі некаторых цэхаў, спыненьня вытворчасьці, нанясеньня шкоды працы завода. Аднак, будучы на трактарным заводзе, я ня бачыў ніводнага чалавека, які б баставаў, не знаходзіўся на працоўным месцы. Работа ішла плянавая, бяз збою вытворчасьці, і нейкіх відавочных спыненьняў заўважна не было.

На думку супрацоўніка аддзела кадраў трактарнага завода, тэмпы вытворчасьці на яго прадпрыемстве не прыпыняюцца. Але сыгналы пра магчымыя праблемы паступаюць.

Супрацоўнік аддзела кадраў МТЗ: Нават ёсьць павелічэньне вытворчасьці трактароў 82-й мадэлі, якія карыстаюцца добрым попытам як у Расеі, так і ў краінах найбліжэйшага замежжа. У прынцыпе, вытворчасьць зьдзяйсьняецца па намечаным пляне, бяз збояў. Хоць прагназуецца, што праз тры-чатыры месяцы ня будзе прадукцыі даволі добрай якасьці з-за адсутнасьці сыравіны. Таму што ўсю сыравіну нашы вытворчыя прадпрыемствы ў асноўным бяруць з Расеі. А кошты растуць не па днях, а па гадзінах. Натуральна, з-за гэтага павялічыцца сабекошт прадукцыі, якая ня будзе карыстацца належным попытам.

Цікавімся ў службовай асобы, ці не зьбіраюцца завадчане страйкаваць? Адказ просты – настрой рабочага залежыць ад зарплаты.

Супрацоўнік аддзела кадраў МТЗ: Вы ведаеце, я сам некалі быў рабочым і сёньня сам шчыльна камунікую з такімі ж рабочымі. Ім, калі казаць прамым тэкстам, па барабане, што будзе адбывацца. Для іх галоўнае – каб своечасова выплочвалі зарплату. Асноўная частка рабочых – слаба разьвітая інтэлектуальна. Для іх галоўнае – прыйсьці, адстаяць свае гадзіны ля станка, атрымаць свае грошы й сысьці.

Таму, на думку супрацоўніка аддзела кадраў МТЗ, дзяржава, выкарыстоўваючы невялікія падвышэньні зарплаты, здольная кантраляваць настроі рабочых. Але што будзе, калі грошы скончацца?

Супрацоўнік аддзела кадраў МТЗ: Калі ім падымуць зарплату хаця б на 5-10%, для іх гэта будзе добра. Будуць працаваць гэтак жа, як і працавалі. Але калі завод спыніцца альбо перайдуць на дзьве трэція ці на скарочаны працоўны тыдзень па тры дні, тады рабочыя могуць пачаць баставаць. Я памятаю год 98-ы-99-ы, трактарны завод, з каскамі,  выходзіў, перакрывалі цалкам вуліцу Даўгабродзкую.

У канцы 90-х улады змаглі спыніць хвалю пратэстаў. Паводле словаў службовай асобы, і сёньня ходзяць чуткі пра хуткае павелічэньне зарплат завадчанам.

Супрацоўнік аддзела кадраў МТЗ: Тады ім паднялі ўзровень зарплаты. Зараз чутно, што падымаюць зарплату на 15-20%. І, у прынцыпе, гэта робіцца для таго, каб рабочыя ня сталі баставаць і не пачалі ламаць і крушыць. Спэцыяльна, каб людзей загнаць пад пазногаць.

Напрыканцы гутаркі супрацоўнік аддзела кадраў трактарнага завода назваў, на яго погляд, адзіны варыянт, які б сёньня падштурхнуў рабочага пратэставаць.  

Супрацоўнік аддзела кадраў МТЗ: Я лічу, што для гэтага людзі павінны перастаць атрымоўваць адэкватную плату выкананай працы. Ён прызвычаіўся зарабляць 2,5-3 мільёны. Калі яму ўрэжуць зарплату й ён пачне зарабляць 1,5 мільёны ці 1,8 мільёнаў, то, натуральна, яму гэта не спадабаецца. Ён будзе імкнуцца да павелічэньня. Але калі крызыс будзе прагрэсаваць і нашы прадпрыемствы будуць зьніжаць аб’ёмы вытворчасьці й тэмпы росту рэалізаванай прадукцыі, то зарплаты ўпадуць. Гэта адзінае, што можа падштурхнуць нашых рабочых да забастовак.   

Аляксандр Парошын, Менская вобласьць