• “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”: дубль №4 (AUDIO)
  • 23.06.2011

У чацьвёрты раз у Беларусі прайшла “маўклівая акцыя”, арганізаваная
праз сацыяльную сетку “Укантакце”.  Сёньня ў менскіх судах разглядаюць справы затрыманых за ўдзел ва ўчарашняй акцыі пратэст.

На месцы падзеяў пабываў наш менскі карэспандэнт Арцём Багданаў.

Беларусь рыхтуецца да масавай акцыі пратэсту супраць кіраўніцтва краіны на 3-га ліпеня. 22 чэрвеня адбылася чацьвертая па ліку рэпэтыцыя акцыі.

У сераду Беларусь зноў ахапіла “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” – некалькі тысяч чалавек выйшлі на цэнтральныя плошчы гарадоў, каб выказаць пратэст кіраўніцтву краіны. Паводле папярэдніх падлікаў, “народныя гуляньні”, як акрэсьлілі мірныя акцыі ў інтэрнэце, адбыліся ў 50-ці гарадах і мястэчках Беларусі. У Менску за некалькі гадзін да пачатку “акцыі маўчаньня” супрацоўнікі міліцыі абнесьлі мэталёвымі турнікетамі Кастрычніцкую плошчу, куды прапускалі выключна дзяўчат, жанчын ды журналістаў. Бліжэй да 19-ці гадзін вечара плошча была заблякаваная цалкам, перакрылі таксама станцыі мэтро “Кастрычніцкая” й “Купалаўская”. Людзі былі вымушаныя абыходзіць плошчу па вузенькіх ходніках, сутыкаючыся паміж сабою. Тыя, хто спыняўся ці запавольваў крок, адразу выклікалі падозраньні ў спэцназаўцаў, якія ў лепшым выпадку правяралі дакумэнты, а ў горшым – затрымоўвалі для “высьвятленьня асобы”. Супрацоўнікі міліцыі тлумачылі, што на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца афіцыйнае мерапрыемства. Студэнт аднаго зь менскіх ВНУ распавёў Беларускай службе “Польскага Радыё”, што ў цэнтр гораду склікалі для афіцыйнай масоўкі выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Студэнт: Наколькі нам удалося заўважыць, палова выпускнікоў, якія былі на плошчы Каліноўскага, апынуліся нечакана на акцыі. Таму можна лічыць, што людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыях нашага ўраду, прыходзяць і на нашыя мерапрыемствы. Мы размаўлялі з хлопцамі з факультэта міжнародных стасунтаў БДУ, якія зьбеглі з плошчы на “маўклікую акцыю”.

Заблякаваўшы цэнтральную плошчу Менска, спэцназаўцы выціснулі людзей на Нямігу, да вакзалу, да плошчы Перамогі, дзе “пакавалі” людзей у аўтазакі. Першыя затрыманьні адбыліся побач з унівэрсамам “Цэнтральны”, каля якога спэцназаўцы узялі людзей у вузкае кола. Больш за іншых не пашчасьціла тым, хто апынуўся ля самога праспэкту Незалежнасьці – менавіта туды падагналі аўтазакі, куды груба штурхалі ўдзельнікаў акцыі, пераважна маладых хлапцоў і дзяўчат. На маіх вачах затрымалі раварыста, якога літаральна закінулі ў аўтазак разам зь ягоным роварам. Ня менш жорсткія затрыманьні адбыліся ў раёне плошчы Свабоды на Нямізе. Дзяўчаты-удзельніцы акцыі падзяліліся са мною абурэньнем дзеяньнямі спэцназацаў.

Дзяўчаты: Мы набылі марозіва й селі на лаўку, каб не прывабліваць увагі міліцыі. Да нас падыйшлі некалькі спэцназаўцаў, якія загадалі нам устаць і сыйсьці. На нашае пытаньне, куды нам ісьці, калі зьлева выхад заблякавалі спэцназаўцы, а справа пераход перакрылі міліцыянты, яны пасьмяяліся і адказалі, маўляў, ідзіце, куды хочаце, затрымаюць – не бяда.

Нягледзячы на жорсткую рэакцыю ўладаў, удзельнікі “народных гуляньняў” час ад часу пачыналі пляскаць у далоні. Гэты своеасаблівы сыгнал быў прыдуманы, каб паказаць, што людзі сабраліся ў цэнтры гораду адмыслова. Удзельнікаў акцыі падтрымоўвалі аўтамабілісты, якія проста заглушалі праспэкт сыгналамі. На маіх вачах супрацоўнік ДАІ афармляў пратакол правапарушэньня на аднаго зь неабыякавых кіроўцаў. З рацыяў ДАІшнікаў часта чуліся загады фіксаваць нумары аўтамабіляў, якія сыгналілі ў падтрымку пратэстоўцам.

Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі “Вясна”, агулам у сераду было арыштавана да 450-ці чалавек, палова зь якіх – у Менску. Праваабаронцы сутыкнуліся з праблемаю ідэнтыфікацыі затрыманых, бо большасьць з іх не зьяўляюцца актывістамі палітычных арганізацый. Сёньня над затрыманымі праходзяць судовыя працэсы – удзельнікаў акцыі вінавацяць у “дробным хуліганстве”. На дадзены момант вядомы прысуды для 15-ці чалавек – гэта штрафы ад 20 да 30 базавых велічыняў.

Наступная акцыя пройдзе праз тыдзень – 29 чэрвеня. Адказам на пытаньне, ці спужалі людзей гвалтоўныя дзеяньні міліцыянтаў, можа стаць наступны факт, відавочцам якога стаў я: калі да плошчы Незалежнасьці, куды выціснулі даволі шмат моладзі, пад’ехалі 2 аўтазакі й аўтобус спэцназа, дык людзі замест таго, каб ратавацца ад міліцыі, падбеглі да машыны і пачалі пляскаць у далоні. Аўтобус спэцназа быў вымушаны зьехаць.

Арцём Багданаў, Менск