• 3 гады пазбаўленьня волі запрасіў пракурор для Анджэя Пачобута
  • 24.06.2011

Тры гады пазбаўленьня волі запрасіў дзяржаўны абвінаваўца на судовым паседжаньні па справе вядомага гарадзенскага журналіста й грамадзкага дзеяча Анджэя Пачобута. Судзьдзя Віталь Лецка ня даў магчымасьці выступіць абаронцам падсуднага, а перанёс судовае паседжаньне на 28 чэрвеня. Падрабязнасьці ў сюжэце нашага гарадзенскага карэспандэнта Вацлава Галімскага.

 

Судовае паседжаньне па справе Анджэя Пачобута доўжылася ўсяго 20 хвілінаў. І, паводле адваката Уладзімера Кісялевіча, цяжка патлумачыць рашэньне суддзі.

Уладзімер Кісялевіч: Пракурор папрасіў тры гады пазбаўленьня волі для Пачобута й перанёс судовыя спрэчкі на 28 чэрвеня а 10-й гадзіне. Будзе абарона выступаць. Пачобут успрыняў гэта станоўча, сказаў мне, што гэта лепш, чым ісьці на “хімію” ды працаваць недзе там на фэрме. Усім прывітаньне перадаваў. Пракурор практычна зачытаў абвінавачаньне. Ніякіх доказаў вінаватасьці Пачобута, я лічу, ён не прадставіў. Гэта мая асабістая думка. Будуць яшчэ выступаць абаронцы, то бок мы, а канчатковы прысуд будзе вырашаць судзьдзя.

Тым часам, зноў не адбылося без інцыдэнту – перад працэсам быў брутальна затрыманы прэсавы сакратар непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Ігар Банцар. Яго літаральна завалаклі ў міліцэйскую машыну, распавядае старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва.

Анжаліка Арэхва: Ігара забралі з тэрыторыі дзіцячага шпіталю - ён там сядзеў і глядзеў праз плот калі прывязуць Пачобута. Зьявіўся мужчына ў цывільным і сказаў, што гэта рэжымны аб’ект і тут няможна сядзець. Пасьля зьявілася міліцыя, яго забралі й завезьлі на пастарунак па вуліцы Гараднічанскай.

Як вы ацэньваеце заяву пракурора наконт прысуду Анджэю Пачобуту?

Анжаліка Арэхва: Мы не спадзяваліся, што гэта будзе мяккі прысуд. Таму тры гады... Спадзяваліся, што будзе жорсткі, ня ведалі колькі год будуць прасіць. Ня ведаем толькі: чаму яны зацягваюць ізноў, чаму не змаглі выступіць адвакаты, чаму судзьдзя прыняў такое рашэньне, каб гэты працэс зноў адкласьці.

Адвакат Аляксандар Бірылаў таксама не змог патлумачыць рашэньне суддзі аб пераносе працэсу

 

Аляксандар Бірылаў: Хацелі, каб нам больш часу было прадастаўлена для падрыхтоўкі, таму што вялікі аб’ём абвінавачаньня й яго неабходна аналізаваць. Мы пра гэта прасілі. Чаму было прынята такое рашэньне, я не магу каментаваць. Можа будзе прысуд, а можа будзем чакаць. На мой погляд, гэта ўсё вельмі хутка адбываецца. Аб’яўлены перапынак у судовым паседжаньні да 10-й аўторка. Гэта рашэньне судзьдзі. Я не магу нават уявіць: як гэта ўсё будзе разьвівацца. Меркавалася, што мы сёньня выступім, і ўжо будзе нейкая вызначанасьць, але атрымалася, што мы зноў чакаем.

Па ўсім відаць, улады проста зацягваюць час, бо рашэньне будзе прымацца не ў Горадні, лічыць прадстаўнік Хельсінскага Камітэту па Гарадзеншчыне Раман Юргель.

Раман Юргель: Ідуць нейкія закулісныя палітычныя перамовы, і я думаю, улада вырашыла ўзяць тайм-аўт – што будзе рабіцца далей: якія захады будуць рабіць структуры Эўразьвязу, урад Польшы й таксама думаюць якое даць пакараньне Анджэю Пачобуду. Адвакаты прасілі пераносу справы, але ім ня далі, а сёньня нейкі цуд – павінны былі адбыцца судовыя спрэчкі, і справу перанесьлі. Канешне, усё вырашаецца ў Менску, і мы ведаем, хто й дзе гэта вырашае й кантралюе, і хто гэтую справу сфабрыкаваў. Хада гэтай судовай справы ды іншых, якія адбыліся ў гэтым годзе па кандыдатах у прэзідэнты, па журналістах, па грамадзкіх дзеячах, усё гэта вырашаецца ў Менску. Усе кіраўнікі ўлады судовай, выканаўчай, заканадаўчай, кіраўнікі пракуратуры, Міністэрства унутраных справаў, КДБ – усе прызначаюцца на пасады ў Беларусі, на жаль, адным чалавекам.

Адвакаты Анджэя Пачобута спадзяюцца, што 28 чэрвеня яны ўсё ж змогуць выступіць у спрэчках і выказаць перад судом сваю пазіцыю. Прынамсі, ёсць магчымасць скараціць тэрмін з трох да двух гадоў зьняволеньня. Але канчантковае рашэньне, на думку праваабаронцаў, будзе ўзгадняцца з Менскам.

Вацлаў Галімскі, Горадня