• AD.NAK! – шалёная беларуская рэкляма
  • Audio10.19 MB
  • 24.06.2011

Пераможцы Другога фэстывалю беларускамоўнай рэклямы й камунікацыі AD.NAK! атрымалі свае ўзнагароды. Арганізатары, журы фэстывалю гавораць як аб пазытыўных, так і аб нэгатыўных баках беларускамоўнага рэклямнага рынку.

У плюсах фэстывалю – колькасьць пададзеных заявак. Калі на Першы фэстываль было пададзена 105 работ ад 59 удзельнікаў, то сёлета іх колькасьць вырасла амаль утрая — 298 заявак ад больш чым 100 удзельнікаў. Лідарам тут стала намінацыя «Дызайн & Art Direction», куды было пададзена ажно 86 работ. Кожную намінацыю прысьвяцілі чалавеку, які вылучаўся сваёй шалёнасьцю, — Фройду, Скарыну, Вітаўту, Чэ Гевару ды іншым выбітным асобам.

Што такое шалёнасьць і памяркоўнасьць у разуменьні арганізатараў фэстывалю? – распавядае каардынатарка культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” Алена Макоўская.

Алена Макоўская: Чаму ўвялі тэрмін “шалёныя”? Калі ў 2009 годзе мы зь лябараторыяй Новак рабілі сацыялягічнае дасьледаваньне, то выявілася наступнае: у маладых беларусаў пыталіся, якія беларусы, то адказвалі – памяркоўныя, талерантныя... А вы які? Адказвалі: “А я не такі”. І калі адказ “я не такі” дасягнуў нейкага крытычнага максымуму, калі зразумелі, што людзі асацыююць народ са стэрэатыпам “памяркоўны”, а сябе ўяўляюць як актыўнага, прагрэсіўнага, сьвядомага, то ў нас узьнік тэрмін “шалёны”. Гэта значыць актыўная жыцьцёвая пазыцыя.

Алена Макоўская таксама распавяла, што сёлетні фэстываль зьяўляецца асаблівым, найперш таму, што быў зроблены акцэнт на прамоцыю культурніцкіх праектаў.

Аднак не ва ўсіх намінацыях былі абвешчаныя пераможцы. Так, напрыклад, журы вырашыла не прысуджаць узнагароды за найлепшую “радыё ці аўдыёрэкляму”. Годных у гэтай сфэры проста не знайшлося. У шэрагу намінацый прысуджалі толькі асобныя месцы. А вось у такіх намінацыях, як “СМІ”, “Сацыяльная рэклама” і “Дызайн” конкурс быў вялікім.

Кіраўнік фотастудыі “Zнята” Сяргей Міхаленка расказаў пра свае ўражаньні ад фотаздымкаў, пададзеных на конкурс.

Сяргей Міхаленка: Любы фэстываль, тым больш такі якасны як “Аднак” – гэта ў плюс Беларусі. Праблема рэклямнай, камэрцыйнай фатаграфіі ў Беларусі, на мой погляд, вельмі жорсткая. З гэтым трэба нешта рабіць. Фэстываль і правядзеньне падобных конкурсаў – гэта магчымасьць прыцягнуць увагу. Журылі, паглядзелі. Усё, насамрэч, сумна, пачынаючы ад банальных рэчаў, як, напрыклад, якасьць здымкаў. У некаторых замежных краінах ты ня можаш стаць фатографам, пакуль ня пройдзеш навучаньне, некалькі гадоў не адпрацуеш асыстэнтам. У нас жа чалавек набывае лічбавую камэру, і назаўтра ён фатограф, а пасьлязаўтра – рэклямны фатограф. І далей прыпіскі – прафэсійны й які заўгодна. За кошт гэтага зьяўляецца дэмпінг, вялікая колькасьць прапановаў. Кліент, на жаль, таксама не гатовы да якаснай фатаграфіі. У нас гэта толькі зараджаецца, апошнія дзесяць гадоў толькі зьявіўся попыт на рэклямную фатаграфію. Да гэтага была “Работніца і сялянка” ды тры фатографы, якія рабілі рэклямную фатаграфію. Паглядзелі. Сумна. Нешта будзем з гэтым рабіць. Таму ў нас з чатырох намінацый толькі два першыя месцы, а ў адной намінацыі ўвогуле няма прызавых месцаў, бо там увогуле не было за што даваць прызавыя месцы.

Была ўведзеная й намінацыя “Каша сувораўская”, каб “уганараваць” рэклямныя працы, якія ігнаруюць факты беларускай гісторыі й традыцыі айчыннай культуры або дэманструюць непрафэсійны падыход да справы. Прызы дасталіся працам “Мая Радзіма”, “Вкус Бульбаша” і “Шакалядная Хатынь”.

 

Сябры журы падзяліліся сваімі меркаваньнямі, навошта ў Беларусі праводзіць фэстываль беларускамоўнай рэклямы, ці нармальна вылучаць у асобную падкатэгорыю працы, зробленыя на роднай мове.

Брэнд-майстар Ігар Корзун: Паводле майго меркаваньня, фэстываль беларускамоўнай рэклямы патрэбны для таго, каб паказаць узровень майстэрства рэклямістаў, уменьне камунікаваць з аўдыторыяй на любых мовах. Уменьне выкарыстоўваць не толькі рускую мову, камунікацыя на якой больш простая, але і ўменьне выкарыстоўваць беларускую мову, як дадатковы інструмэнт для стварэньня больш ёмістай, больш эмацыйнай камунікацыі.

Сябра журы Васіль Андрэеў: З-за таго, што расейская мова прысутнічае, без таго – добра гэта ці кепска, – атрымліваецца, што любое расейскае агенцтва робіць што заўгодна. Вашыя грошы забіраюць і вязуць у іншы бок. Калі я  бачу, што беларускія вытворцы замаўляюць дызайн у расейскіх, украінскіх агенцтвах, то згодны з прэзыдэнтам наконт таго, што мусіць быць імпартазамяшчэньне. Калі беларуская мова будзе ключавой, хай расейскія ці літоўскія агенцтвы сюды паспрабуюць прыйсьці й пагуляць па мясцовых правілах.

Гран-пры фэстывалю атрымаў анімацыйны ролік “Будзьма беларусамі!”, зроблены на замову грамадзкай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – аўтары Юлія Ляшкевіч, Юлія Рудзіцкая, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў.

Марыя Кароль