• Ці зьявіцца Кадафі ў Менску?
  • 24.06.2011

У заходняй прэсе зьявілася інфармацыя пра тое, што палкоўнік Муамар Кадафі разважвае ўцёкі з краіны. Сярод краінаў, дзе зьбіраецца схавацца былы лібійскі лідар, узгадваюць Беларусь. Наша рэдакцыя пацікавілася тым, ці гэта магчыма?

Інфармацыя пра магчымыя ўцёкі Кадафі зь Лібіі гучала ў СМІ ўжо няраз. Кадафі асабіста яе абвяргаў, кажучы, што ён нікуды не паедзе. Гэтым разам алею ў агонь дадаў Абдурахман Махамед Шалгам, былы міністар замежных справаў Лібіі, які перайшоў на бок апазыцыі. У інтэрвію італьянскай газэце “Corriere della Sera” ён заявіў , што Кадафі вядзе перамовы з шэрагам краінаў, каб выехаць зь Лібіі, захаваць грошы й ня трапіць у Гаагу ў суд. Былы лібійскі дыплямат зазначыў, што ён не выключае, што размовы на гэты конт могуць весціся зь Беларусьсю.
Беларускі кіраўнік вядомы сваім прыхільным стаўленьнем да апальных дыктатараў зь іншых краінаў. Таму глеба для такіх меркаваньняў ёсьць – зазначыў палітоляг Аляксандар Лагвінец.

Аляксандар Лагвінец: Беларусь здаўна пераўтварылася ў запаведнік для былых палітыкаў – спачатку былых летувіскіх камуністаў, потым хадзілі чуткі пра сваякоў Мілошавіча, быў яшчэ выпадак былога кыргіскага дыктатара Бакіева. Таму чуткі пра магчымы прыезд Кадафі ў Беларусь маюць пад сабой глебу.

Калі дапусьціць, што лібійскі бок зьвернецца з просьбай аб прытулак для Кадафі да афіцыйнага Менска, ці пойдзе на гэта беларускае кіраўніцтва, ці пойдзе на гэта Лукашэнка? У гэтым не сумняецца вядомы расейскі дасьледчык Кірыл Коктыш.

Кірыл Коктыш: Мне здаецца, што так. Кадафі мае грошы, а грошы сёньня патрэбныя Беларусі. На гэтым можна будзе зарабіць. Але Беларусь не настолькі вялікая краіна, каб трывала гарантваць некаторыя рэчы. У той жа Афрыцы, улічваючы аўтарытэт Кадафі ў Афрыканскім Зьвязе, той мог бы куды хутчэй знайсьці сабе прытулак. Калі ў Лібіі пасьля ад’езду Кадафі ўсё бдузе ціха й спокойна – гэта так ці інакш усіх задаволіць.

У сваю чаргу беларускія экспэрты сумняюцца ў тым, што прыезд Кадафі ў Менск магчымы. Так, кіраўнік Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Казакевіч кажа, што гэтаму не спрыяе сытуацыя ў самой Беларусі.

Андрэй Казакевіч: Гэта ня вельмі верагодна. Апрача лягістычных праблемаў, Беларусь ня самы надзейны прытулак, тут ня самая стабільная сытуацыя, што тычыцца захаваньня бясьпекі для такіх людзей у Беларусі.

Палітоляг Андрэй Ляховіч лічыць, што Кадафі ў Менску непатрэбны Лукашэнку.

Андрэй Ляховіч: Лукашэнка езьдзіў да Мілошавіча ў красавіку 1999 году, падчас бамбардаваньняў, бо ён разьлічваў на тое, што будзе расейскім прэзыдэнтам і хацеў быць папулярным у Расеі. У гэтых дзеяньнях Лукашэнкі быў пэўны разьлік. Зараз зусім іншая сытуацыя, і Кадафі ў Менску Лукашэнку непатрэбны.

З сумневам да заявы пра магчымыя ўцёкі палкоўніка Кадафі ў Беларусь паставіліся ў Польшчы. На думку палітоляга Пшэмыслава Жураўскага з Лодзінскага ўнівэрсытэту, былы лібійскі дыктатар не прынясе Лукашэнку нічога апроч праблемаў.

Пшэмыслаў Жураўскі: Гэта малаверагодная інфармацыя. Аднак мы маем справу з дыктатарамі – аднаму зь іх пагражае сьмяротная небясьпека, а другі знаходзіцца ў крызыснай сытуацыі,  – таму можна ўявіць, што Кадафі разважае любыя магчымасьці паратунку. Што да Лукашэнкі, то ягоныя інтарэсы ў гэтым сумнеўныя. Ён можа разьлічваць на нейкую фінансавую дапамогу з боку Кадафі. Гэта мела б сэнс, калі б Кадафі захаваў сваю ўладу над Лібіяй. Сёньня ў Кадафі іншая пэрспэктыва. У дадатак, цяпер не сярэднявечча, калі выгнаныя князі вазілі з сабою вазы золата. Таму гэты крок будзе мець для Лукашэнкі вялікія кошты, бо гэта выказваньне падтрымкі дыктатуру, які вядзе вайну з Заходняй Эўропай.

У сваю чаргу Януш Анышкевіч, былы міністар абароны Польшчы й былы віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту лічыць, што прыезд Кадафі ў Менскі не паўплываў бы на стаўленьне Захаду да Лукашэнкі. Наадварот, усе ўздыхнулі б з палёгкай, што лібійскі дыктатар зьехаў з краіны.

Януш Анышкевіч: На маю думку, Захад успрыняў бы ад’езд палкоўніка Кадафі зь вялікай палёгкай. Пакуль ён у Лібіі, там захоўваецца патавая сытуацыя. Ад’езд Кадафі прысьпешыў бы завяршэньне завірухі ў гэтай краіне. Калі б ён паехаў у Беларусь, гэта б моцна не пашкодзіла вобразу Лукашэнкі. Цяжка яго яшчэ больш сапсаваць. Ну, і вядома, што розныя крывавыя дыктатары з афрыканскіх краін уцякалі ў Саудаўскую Арабію, і ніхто ім гэтага ня ўзгадваў. Гэтаксама прытулак для Кадафі не адаб'ецца на ўспрыняцьці Беларусі як краіны, ды народу, бо гэта будзе не рашэньне народу, а рашэньне Лукашэнкі.

Выезд Кадафі, хоць і вельмі малаверагодны, будзе ў любым выпадку вынікам міжнародных дамоўленасьцяў, а не палітыкі Беларусі, лічыць палітоляг Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: Калі да гэтага дойдзе, гэта ня будузе ініцыятыва Беларусі, як гэта было ў выпадку з Бакіевым, якога з Кыргыстану вывезьлі казахскія вайсоўцы, а потым пасьля просьбаў і перамоваў направілі яго ў Беларусь. Гэта не было праявай беларускай палітыкі ў Цэнтральнай Азіі. Таксама калі дойдзе да эміграцыі Кадафі, гэта будзе вынікам вялікай міжнароднай дамоўленасьці, дзе вялікую ролю будуць адыграваць Злучаныя Штаты й Францыя.

Інфармацыя пра магчымае зьяўленьне ў Менску палкоўніка Муамара Кадафі ўзбударажыла беларускія СМІ. Пакуль няма падставаў лічыць, што яна абгрунтаваная. З пункту гледжаньня аналітыкаў, зьяўляньне было лібійскага дыктатара ў Менску малаверагоднае.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч