• Эўразьвяз пашыраецца ды ратуе Грэцыю
  • 24.06.2011

Сёньня скончыўся двухдзённы саміт Эўразьвязу ў Брусэлі. Асноўныя рашэньні гэтай сустрэчы датычаць Грэцыі, пашырэньня Эўразьвязу ды пытаньня аховы ўнутраных межаў.

Чарговы саміт ЭЗ, то бок сустрэча ў вярхах 27 лідараў краінаў – чальцоў Эўрапейскага Зьвязу прайшла ў цені грэцкага фінансавага крызысу. Гэтая краіна стаіць на парозе банкруцтва. Эўрапейскія лідары прынялі рашэньне выдзеліць новы пакет фінансавай дапамогі для гэтай краіны. Іншай гарачай тэмай саміту стала справа Шэнгенскай дамовы ды кантролю на ўнутраных межах краінаў ЭЗ. Апошнім значным рашэньнем саміту стала згода адносна пашырэньня ЭЗ і далучэньня Харватыі. З Брусэля перадае Бэата Пламэцка, карэспандэнтка Польскага радыё.

Бэата Пламэцка: Згодна з рашэньнем лідараў Эўразьвязу, новы пакет дапамогі для Грэцыі будзе гатовы на пачатку ліпеня. Але спачатку Атэны павінны ўвесьці плян скарачэньня выдаткаў, - казаў старшыня Эўрапейскай рады Ван Рампей. Сума новай дапамогі не названая. Лічыцца, што яна складзе ад 90 да 120 мільярдаў эўра. Эўрапейскія лідары ўнеслі зьмены ў Шэнгенскую дамову. Яны дазволілі краінам – удзельніцам уводзіць на кароткі час памежныя праверкі. Гэтага патрабавалі французы ў сувязі з наплывам эмігрантаў з Паўночнай Афрыкі. Эўрапейская камісія цяпер павінна прадставіць прапановы законапраекту ў гэтай справе. Польшча спачатку выступала супраць аднаўленьня памежнага кантролю ўнутры ЭЗ, але дыскусія на гэтую тэму зайшла так далёка, што адзінае, за што змагаецца цяпер Варшава, каб памежныя абмежаваньні ня ўводзіліся без кансультацый з Брусэлем. Іншай важнай тэмай гэтага саміту стала рашэньне аб завяршэньні перамоваў з Харватыяй, што азначае далучэньне гэтай краіны да ЭЗ у палове 2013 году.

Рашэньне пра далейшую фінансавую дапамогу Грэцыі прынятае. Гэта дозволіла з палёгкай уздыхнуць як палітыкам у Атэнах, так і фінансістам ва ўсім сьвеце. Аднак памеры эўрапейскай дапамогі будуць залежаць ад таго, наколькі рашучыя рэформу рэалізуе грэцкі ўрад. Старшыня Эўрапейскай рады Герман ван Рампей сказаў, што лідары 27 краінаў прынялі супольную дэклярацыю наконт дапамогі Грэцыі.

Герман ван Рампей: Прыняцьцё ключавога пакету рэформаў грэцкім парлямэнтам, узгодненага з Эўрапейскай камісіяй, Эўрапейскім цэнтральным банкам павінна быць рэалізавана ў бліжэйшыя дні – гэта вельмі пільная справа. Гэта будзе асновай для вызначэньня ўмоваў новай праграмы дапамогі. Дадатковая падтрымка будзе ажыцьцяўляцца як з дзяржаўных, так і з прыватных сродкаў.

Старшыню Эўрапейскай рады падтрымаў старшыня Эўрапейскай камісіі, які заклікаў усе палітычныя сілы эўрапейскіх краінаў падтрымаць складаныя рэформы ў Грэцыі ды ў ЭЗ. Пасьля Грэцыі прыйшла чарга на зьмены ў Шэнгенскай дамове. Шэраг краінаў: Францыя, Італія, Данія ды Аўстрыя націскаюць на рэформы гэтай дамовы, якая, нагадаем, дазваляе падарожнічаць унутры Эўразьвязу бязь візаў і ліквідавала памежны кантроль паміж краінамі – падпісантамі дамовы. Пасьля гарачых дэбатаў лідары дасягнулі кампрамісу, дзякуючы польскай прапанове. Пра гэта паінфарамваў журналістаў польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск.

Дональд Туск: Здаецца, што, між іншым, дзякуючы польскай прапанове, мы дасягнулі кампрамісу, які палягае на тым, што, магчымыя ахоўныя мэханізмы, калі ў некаторых сытуацыях уводзіўся б памежны кантроль на межах унутры ЭЗ, ня будуць абмежаваньнямі для асобаў, якія маюць права свабодна перасоўвацца па краінах Эўразьвязу на падставе Шэнгенскай дамовы.

Такім чынам, любыя часовыя абмежаваньні ды кантроль унутры ЭЗ не будзе датычыць грамадзянаў Эўрапейскага Зьвязу.

Нягледзячы на складаныя зьнешнія абставіны: крызыс у Грэцыі ды пагроза наплыву імігрантаў, на саміце ў Брусэлі было прынята рашэньне пра чарговае пашырэньне Эўразьвязу. Гэтым разам да ЭЗ далучыцца Харватыя. Перамовы аб далучэньні павінны быць завершаны да канца году, падчас польскага старшынства ў Радзе ЭЗ. Распавядае Сыльвія Бялэк, карэспандэнтка Польскага радыё.

Сыльвія Бялэк: Завяршэньне перамоваў – напрыканцы чэрвеня, падпісане дамовы аб далучэньні з Харватыяй – канец году. Гэта шлях Загрэбу да ЭЗ. Супраціў Лёндану ды Гаагі ў гэтай справе зьмяншаецца. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца падчас польскага старшынства. Канкрэтнай даты далучэньня Харватыі эўрапейскія лідары не называюць, але неафіцыйна кажуць пра 1 ліпеня 2013 году.

Такім чынам у 2013 годзе колькасьць краінаў ЭЗ павялічыцца да 28. Калі да гэтага часу не збанкрутуе Грэцыя.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч