• “Калі будзем эканоміць энэргію як немцы, дык і зажывем як немцы”
  • Audio5.66 MB
  • 24.06.2011

Чаму беларусы не ахопленыя ідэяй энэргазьбераганьня? Чаму ў нас гэтак мала ветракоў ды сонечных батарэяў? Ці акупіцца некалі беларуская атамная электрастанцыя? Пра гэты мы гутарым э эколягам, выкладчыкам БДУ, актывістам Беларускай партыі зялёных Аляксандрам Сыкалам.

Аляксандар Іванавіч, пытаньне энэргазьбереганьня кранае выключна эканамічны бок (ашчаджаць грошы), ці тут ідзе гаворка таксама пра экалягічны бок справы?

Аляксандар Сыкала: Тут ідзе гаворка ня толькі пра экалягічны, але й нават пра культурны бок, пра духоўны! Бо сёньня далёка ня кожны з нас своечасова адключыць сьвятло, патушыць прыборы, можа пакінуць уключаны кампутар і гэтак далей. Гэта – культура быцьця ў цывілізаваным грамадзтве. І нам яе трэба засвойваць. Фактычна, калі б сёньня мы ўвялі ў сябе такую дысцыпліну, мы б даволі хутка дасягнулі вялікіх посьпехаў, ашчадзілі б 30-40% электраэнэргіі. Калі мы будзем эканоміць энэргію як немцы, дык мы й зажывем як немцы, бо ў іх гэтае пытаньне стала часткаю мэнталітэту нацыі. Вось і нам так трэба. Бо й мы – эўрапейская дзяржава, таму трэба жыць і ставіцца да пытаньняў энэргазьбераганьня па-эўрапейску.

Калі глядзіш на вечаровы Менск, на падсьветленыя савецкія халупы, то ўзьнікае пытаньне, чаму гарадзкія ўлады не падаюць людзям прыклад эканоміі?

Аляксандар Сыкала: Таму што ў гарвыканкаме, гарсавеце сядзяць гэткія ж людзі, як мы з вамі – ня немцы й ня швэды. Яны не разумеюць, што калі ад іх пасады залежыць эканомія энэргіі цэлага раёна ці горада – трэба дбаць пра гэта напоўніцу. Гэтыя магутныя пражэктары сапраўды падсьвятляюць голыя сьценкі незразумела дзеля чаго й дзеля каго. Наадварот, жыхары скардзяцца, што сьвятло ў вокны б’е. Я лічу, што было б нядрэнна правесьці кампанію адпаведную, я гатовы ўзяць у ёй удзел. Трэба скласьці мапу нядбайнага выкарыстаньня электраэнэргіі. І гэтую мапу, з пазнакай імёнаў адказных чыноўнікаў, разьмясьціць у інтэрнэце ці СМІ. Тады б чыноўнікі задумаліся: а чаму б ім не падаць прыклад эканоміі?

Аляксандар Іванавіч, дзесьці на Нарачы можна пабачыць два ветракі. На трасе Берасьце-Менск некаторыя знакі сілкуюцца сонечнай энэргіяй. Але гэта – адзінкавыя выпадкі. Чаму беларусы лічаць, што ставіць ветракі й сонечныя батарэі дорага, чаму не глядзяць у будучыню?

Аляксандар Сыкала: Тое, што ветракі дорага – гэта хлусьня. Вятрак акупаецца хутчэй за любую іншую крыніцу энэргіі. Я ўжо не кажу пра атамную станцыю, якая ў прынцыпе ня можа акупіцца. Гэта проста прорва, куды выкідаюць грошы, поле дурняў, дзе закопваў свае дукаты Бураціна. Альбо ЦЭЦ, якія такія дарагія нафту й газ пускаюць у неба! Бо толькі 43% цяпла даходзіць да дамоў. Усё астатняе грэе палоскі зямлі, на якіх зімой чарвякі цешацца. Таму казаць, што ў нас няма ўмоваў, што ў нас вятры дрэнныя – гэта бздура. Зямля Бадэн-Вюртэнбэрг мае такія самыя кліматычныя ўмовы, як Беларусь! І тым ня менш, Нямеччына да 2027 году абавязалася перайсьці цалкам на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі – ветракі, сонечныя батарэі, цеплавыя насосы, біягаз. Зачыняе ўсе свае атамныя станцыі, роўна як і Італія – бо там жывуць не ідыёты, другая Фукусіма ім непатрэбная. Таму альтэрнатыўная энэргетыка ня мае альтэрнатывы, яна ўсё адно будзе. Будзе альбо пазьней – і гэта нам стане вельмі дорага. Альбо будзе ўжо цяпер. Фактычна энэргетычная бясьпека краіны, якая забясьпечваецца ветрам і сонцам, забясьпечыла б ня проста энэргетычную бясьпеку – а поўную самастойнасьць і аўтаномнасьць!

Эколяг Аляксандар Сыкала распавядаў, чаму беларусы ня дбаюць пра зьбераганьне электраэнэргіі.

Арцём Багданаў, Менск