• Выйшаў альбом, прысьвечаны скарбу беларускага вікінга IX ст.
  • Audio5.42 MB
  • 26.06.2011

Вядомы архэоляг Алег Іоў выдаў альбом, прысьвечаны аднаму-адзінаму скарбу – Брылёўскаму. Альбом так і называецца “Брылёўскі скарб”. Чаму да яго такая ўвага, зразумець няцяжка: 1100 гадоў таму гэты скарб кінуў у раку Бярэзіну вікінг, які хацеў такім ўчынкам здабыць Божую ласку. Што было ў тым скарбе, дзе ён цяпер і чым ён унікальны, распавядае аўтар кнігі – Алег Іоў.

Алег Іоў: Гэты скарб, Брылёўскі, быў знойдзены ў 2002-м годзе й трапіў да нас у Акадэмію навук. Потым мы там дадатковыя дасьледваньні правялі, і яшчэ знайшлі манэты. Гэта, як называю я, “джэнтэльмэнскі набор” вікінга – яго яшчэ называюць “скарб вікінга”. Гэта каля трохсот дырхамаў, апошні зь якіх выйшаў напрыканцы IX ст. Гэта меч франкскі, таксама IX ст. Гэта вагі-разнавесы, таму што тады манэта не была грашоваю адзінкаю. Гэта быў кавалак срэбра – разьлічваліся па вазе за нешта. Грыўня была, згорнутая ў сьпіральку – таксама выкарыстоўвалася, як кавалак срэбра. У 2002-м годзе ўзровень вады ў Бярэзіне моцна ўпаў, і зьявілася магчымасьць пахадзіць на тых участках, якія былі затоплены. Літаральна на глыбіні 30-35 см гэта было рассыпана авальнаю плямаю, два на тры метры дзесьці.

Гэта яно было проста так? Бяз тары? Звычайна ж у нейкіх гаворыцца, што скарб у чыгунку мусіць быць...

Алег Іоў: Так-так, яно было проста так. Магчыма, быў нейкі кашэль, але дырхамы зь цягам часу рассыпаліся. Чым ён унікальны? Па-першае, набор гірак. Ён упершыню знойдзены такім складам у адным месцы. Па-другое, гэта ня быў скарб. Скарбы звычайна закапвалі, хавалі. Гэта быў г.зв. “воціўны дар” – тыпова скандынаўская старажытнагерманская рэч, калі ты мусіш прынесьці багам ахвяру, каб яны табе чымсьці дапамаглі. Гэтая ахвяра выражалася ў багацьці. У “воціным дары” меч быў мінімум у двух месцах паламаны.

Атрымліваецца,  гэты дар калісьці кінулі ў Бярэзіну?

Алег Іоў: Так-так, таму што ён не закапаны. Яго кінулі ў раку, і ён застаўся ў рачным глеі.

Ці частая зьява, калі адна кніжка прысьвечаная аднаму скарбу?

Алег Іоў: За мяжою, асабліва ў Эўропе, так. Яны, як правіла, выдаюцца, як каталёгі – у колеры, з малюнкамі, такі падарункавы варыянт. У нас у Беларусі гэта першая такая кніга. Навуковае выданьне такой якасьці першае пакуль што.

Чаму гэты скарб Акадэмія навук перадала ў Гістарычны музэй? У Вас жа ёсьць свой музэй архэалёгіі.

Алег Іоў: Там не зусім музэй, там экспазыцыйная заля. У нас няма паперы для захоўваньня срэбра. За гэта любая камісія можа пакараць.

Якія павінны быць спэцыльныя ўмовы для захаваньня?

Алег Іоў: У дзяржаўных музэях патрэбны спэцыльны дазвол на працу з каштоўнымі мэталямі. А гэта папяровая валакіта. Тым больш, мы заўсёды стараемся самыя каштоўныя знаходкі аддаваць у больш салідны музэй.

Наколькі я ведаю, у Нацыянальным гістарычным музэі вельмі высока ацанілі Вашую знаходку?

Алег Іоў: Так. Я ведаю шмат гадоў іх арганізацыю працы, гэта вельмі надзейная арганізацыя. Гэта галоўны наш музэй, таму мне хацелася менавіта туды перадаць скарб.

Ці плянуеце Вы зрабіць электронны варыянт кнігі?

Алег Іоў: Электронны варыянт ёсьць. Там, праўда, усё ў колеры, зь вялікім пашырэньнем, таму месца гэта будзе займаць шмат. Але мы плянуем зрабіць другое выданьне, таму што гэтым скарбам зацікавяцца спэцыялісты па ўсім былым Савецкім Саюзе, напрыклад, Эрмітаж. Мы знайшлі манэты, якіх няма ні ў Эрмітажы, ні ў адным ангельскім музэі – яны ўнікальныя! І ў Эрмітаж трэба, і калегам зь піцерскага ўнівэрсітэту трэба, і ў Кіеў трэба, і ў Польшчу трэба. Мяркую, што наклад разыйдзецца хутка, і трэба будзе рабіць другі наклад.

Арцём Багданаў, Менск