У Нясьвіжы адзначылі 410-годзьдзе асьвячэньня касьцёла Божага Цела. Ягонае будаўніцтва пачалося ў 1593 годзе пры Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку, а асьвечаны касьцёл быў у 1601. Касьцёл Божага Цела – першая барочная пабудова на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы.
Гэта – адная зь нямногіх беларускіх сьвятыняў, якая ніколі не замыкалася, тут заўжды маліліся й славілі Госпада. На сьвяткаваньне прыбыў сам Мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, іншае духавенства з розных гарадоў і нават дэлегацыя з Нотр-Дама. Пасьля імшы ў касьцёле па Нясьвіжы рушыў хросны ход.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у адмысловым інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё распавёў, чаму лічыць нясьвіскі касьцёл Божага Цела адметным.
Тадэвуш Кандрусевіч: Такіх парафій мала, каторыя не замыкаліся ў цяжкія часы. Тут заўсёды быў сьвятар, і тут заўсёды цэлебравалася Сьвятая Імша. Муры гэтага касьцёла былі месцам спатканьня чалавека з Богам 410 гадоў. Напэўна, вельмі цяжка знайсьці на нашай зямлі такі касьцёл. Да таго ж гэта помнік архітэктуры. А сёньняшняе сьвята – сьвята Божага Цела, калі людзі публічна ўшаноўваюць Езуса ў эўхарыстыі. Вызнаючы веру публічна, яны таксама нясуць гэтую веру да іншых. Значыць, зьяўляюцца сьведкамі. Яшчэ Папа Павал VI казаў, што сучасны сьвет больш патрабуе сьведкаў. Сёньняшняе набажэнства – гэта сьведчаньне, каб паказаць чалавеку, што не адзіным хлебам жыве чалавек, што ня толькі імкненьне да багацьця, да ўцехаў гэтага сьвету павінна весьці чалавека па шляхах яго жыцьця, але таксама й Бог.
А 16-й гадзіне ў касьцёле адбыўся шыкоўны канцэрт опэрнай музыкі. Гэта – падарунак касьцёлу ад Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра опэры й балета.
Якраз гэтыя тры дні ў Нясьвіскім замку ладзіліся опэрныя й балетныя вечары ад Вялікага тэатра. Я папрасіў падзяліцца ўражаньнямі Анатоля Бутэвіча, у нядаўнім мінулым – міністра культуры Беларусі, а цяпер – старшыню грамадзскай камісіі па ахове спадчыны пры Міністэрстве культуры. Спадар Анатоль лічыць, што традыцыю опэрных канцэртаў у касьцёлах трэба шырыць.
Анатоль Бутэвіч: Калі мы лічым сябе Эўропай, што ёсьць на самой справе, дык нам трэба раўняцца на эўрапейскі ўзор – там гэтая традыцыя, па-мойму, існавала здаўна. Падобнага роду сьпевы ніякім чынам не зьніжаюць ані статус сьвятыні, ані статус сьпеваў. На мой погляд, сёньняшні канцэрт быў урачыстым паяднаньнем аднае духоўнасьці зь іншай. Гэты канцэрт дадаў яшчэ большага шанаваньня, яшчэ большай урачыстасьці. Сьвята ўдалося.
Анатоль Бутэвіч прызнаўся, што опэра ў двары Нясьвіскага замка таксама гучала дыхтоўна.
Спадар Анатоль мяркуе, што ў далейшым сам палац можна больш задзейнічаць у пастаноўках у якасьці “жывой дэкарацыі”.
Анатоль Бутэвіч: Па-першае, гучаньне выдатнае. Па-другое, сама опэра “Дзікае паляваньне караля Стаха” ў гэтых мурах – гэта нешта незвычайнае. Акрамя гэтага, тое ж было гучаньне ўжывую: не было мікрафонаў, не было ўзмацняльнікаў, а гучаньне было па ўсім двары выдатнае! Мне падаецца, што можна было б і муры гэтыя асвойваць па-іншаму, бо калі б дзікае паляваньне караля Стаха выходзіла б на сцэну не, як звычайна, з кулісаў, а выехала б з тых далёкіх падворкаў – было б сапраўды шыкоўна.
У Нясьвіжы адзначылі 410 гадоў асьвячэньня касьцёла Божага Цела, а таксама правялі трохдзённыя вечары опэры й балета ў двары Нясьвіскага замка.
Арцём Багданаў, Нясьвіж-Менск