• TU Warszawa
  • 29.06.2011

30 чэрвеня ў Польшчы сьвяткуюць 100-годзьдзе з дня нараджэньня Чэслава Мілаша, пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры. З гэтай нагоды ў Краснагрудзе на паўночным усходзе краіны будзе адчынены Міжнародны цэнтар дыялёгу. У ім будуць праводзіцца дасьледаваньні міжнацыянальнага дыялёгу ў розных памежжах сьвету.

Гэтая падзея невыпадкова адбудзецца за дзень да пачатку старшынства Польшчы ў ЭЗ. Менавіта Мілаш напісаў калісьці пра Эўропу, якая на падставе “новых памежжах культура, мова й нацыяў пабудуе “аб’яднальны арганізам”.

Месца, дзе будзе дзейнічаць цэнтар, знаходзіцца на польска-летувіскім памежжы, у недалёкім суседзтве зь Беларусьсью й расейскай Калінінградзкай вобласьцю. Дарэчы, у Краснагрудзе ёсьць парк і маёнтак, які перад вайной быў уласнасьцю сям’і Мілашаў.

1 ліпеня на вялізарнай сцэне каля Палацу культуры й навукі ў Варшаве адбудзецца сьвяточны канцэрт TU Warszawa з нагоды польскага старшынства ў ЭЗ.

Падчас адмысовага мультымэдыйнага відовішча, якое адбудзецца на трох злучаных сцэнах, прагучаць самыя папулярныя творы клясычнай і поп-музыкі ў выкананьні польскіх і замежных музыкаў. Акрамя таго, пройдзе паказ арыгінальных кіназамалёвак і фэерверк вакол Палацу культуры.

Канцэрт будзе працягвацца больш за тры гадзіны. На пачатку прагучаць гімны Польшчы й ЭЗ. У першай частцы канцэрту прагучаць клясычныя й джазавыя гіты: кампазыцыі Фрыдэрыка Шапэна, Анджэя Курылевіча, Войцеха Кіляра, аркестру Simfonia Varsovia, гурты Tomasz Stańko Quintet, Me, Myself and I. Адмысловым госьцем будзе амэрыканскі трубач Chris Botti.

У другой частцы, прысьвечанай папулярнай музыцы, выступяць Perfekt, Myslovitz, Lech Janerka i Kapela ze Wsi Warszawa. Свае творы выканаюць і замежныя госьці: гурт Manhattan Transfer, Michael Boltona, саксафаніст Kenny G i вакалісткіAngie Stone, а таксама Dolores O’Riordan (The Cranberries).

У фінале адбудзецца фэерверк пад музыку „Orawa” Войцеха Кіляра. Завершыць вечар выступ брытанскага легендарнага трып-хоп гурту
Tricky.

Канцэрт можна слухаць у эфіры Польскага радыё, а таксама сачыць за ім он-лайн на сайце www.nina.gov.pl

У пятніцу, 2 ліпеня, ва Ўроцлаве распачнецца Brave Festiwal. Гэта імпрэза прысьвечаная культурам, якія знаходзяцца на мяжы выміраньня.

Спэктаклямі, канцэртамі, кінапаказамі, выставамі й сустрэчамі будуць прадстаўленыя самыя незвычайныя й відовішчныя традыцыі з Інданэзіі, Індыі, Сардыніі й Шры-Лянкі.

Лёзунг фэсту - “Супраць выгнаньня з культуры”. Галоўная задача імпрэзы - змагацца за тое, каб захаваць і адрадзіць выміраючыя традыцыі. У рамках фэсту пройдзе імпрэза Brave Kids, у якой возьмуць удзел дзеці з розных краін Трэцяга сьвету.

На Brave Festival спэктакль пакажа інданэзійскі тэатар Topeng Pajegan. У другі дзень фэсту праз Тумскі мост пройдзе працэсія чорных масак Mamuthones. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі карнавалу з Сардыніі. Спэцпадзеяй стане выступ гурту Blind Note. Гэтая каманда адмыслова грае ў поўнай цемры, каб зьвярнуць увагу на праблемы сьляпых у краінах Трэцяга сьвету. Чарговай цікавай падзеяй стане Kathakali, тэатральная традыцыя зь Індыі. Праца актораў заключаецца ў руху вачэй і далоняў.

Дакумэнтальная выстава, прысвечана легендарнай постаці ратмістра Вітольда Пілецкага, адкрываецца 29 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі ў Менску.

Пілецкі вядомы тым, што добраахвотна пайшоў у канцлягер Аўшвіц у Асьвенцыме, каб заснаваць там падпольную арганізацыю, а пасьля гэтага здолеў уцячы.

Вітольд Пілецкі − патомак паўстанцаў 1863 года, сасланых царатам у Сібір. Пэўны час жыў на Лідчыне, быў стваральнікам мясцовага аддзела вайсковай арганізацыі “Кракус”. Потым была вайна, падпольле, Армія Краёвая. Пасьля заканчэньня вайны па загадзе генэрала Андэрса накіраваны ў Польшчу ў якасьці разьведчыка. У 1947 годзе быў арыштаваны й расстраляны камуністамі.

У адкрыцьці выставы прымуць удзел прадстаўнікі польскага Інстытута нацыянальнай памяці.

Постаць ротмістра Вітольда Пілецкага – гэта сымбаль ахвяры польскага грамадзтва падчас абедзьвюх акупацый – нямецкай і савецкай.

дг