У XVІ ст. ролю роднае мовы дацаніў Мікалоюс Даўкша, літоўскі гуманіст, дзеяч контррэфармацыі, адзін з стваральнікаў літоўскай пісьменнасьці. Займаў ён розныя царкоўныя пасады ў розных мясцовасьцях Жамойці. Пераклаў з польскай мовы на літоўскую Катэхізіс езуіта Якуба Лядэсмы (Kathechismas arba mokslas kiekwienam priwalvs, 1595) – гэта была першая кніга, выдадзеная на тэрыторыі Літвы на літоўскай мове, а таксама зборнік казаньняў Якуба Вуека (Postilla catholicka, 1599). У Прадмове (дарэчы, на польскай мове) да Каталіцкай Пастыльлі ўтрымоўваецца заклік берагчы літоўскую мову:
„Ня ўрадлівасьцяй зямлі, ня розьніцай вопраткі, не прыгажосьцяй краю, не гарадоў і замкаў моцай трымаюцца народы, але больш захоўваючы ды ўжываючы сваю мову, якая супольнасьць, згоду і брацкую любоў захоўвае” (Янка Запруднік, Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару, у: ,,Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 19).
У гэтай прадмове – заўважае Янка Запруднік – Мікалоюс Даўкша прамаўляў ня толькі да сваіх суродзічаў, але праз стагодзьдзі гаварыў і да нашага пакаленьня, якое вядзе спрэчкі й ня можа вызначыць нацыянальнага характару Вялікага Княства Літоўскага паводле мовы. Гэтакіх сумневаў не было ў М. Даўкшы. Ён пісаў:
„Мова – вязьмо агульнае любові, маці адзінства, бацька грамадзкае супольнасьцьі, вартавая дзяржаваў. Зьнішчы яе – зьнішчыш згоду, адзінства й дабро агулу. Зьнішчы яе – патушыш сонца на небе, парушыш сусьветны лад, пазбавіш сьвет жыцьця і славы” (Тамсама ).
Праўду гэтую дасканала ведаюць сёньняшнія русыфікатары Беларусі, якія стараюцца пазбавіць яе роднае мовы, „каб гэтак сьцерці з часам з карты Эўропы і рэспубліку, ды, як апрычоную нацыю, і сам беларускі народ” – уважае Янка Запруднік (Тамсама ).
Зь беларускай гісторыі вынікае, што з усіх элемэнтаў азначэньня нацыянальнасьці – тэрыторыі, эканомікі, культуры, псыхікі й г.д. – мова была асноватворным фактарам. Яна мела прыярытэт над тэрыторыяй, бо паводле мовы вызначалася й тэрыторыя, а не наадварот.
Акадэмік Яўхім Карскі, апрацоўваючы Этнаграфічную карту беларускага племя, для вызначэньня межаў браў пад увагу выключна жывую народную мову – як пісаў – неадлучную адзнаку беларускае народнасьці на працягу ейнага шматвяковага жыцьця. Калі людзі трацяць матчыну мову, яны пакідаюць усьведамляць сваю прыналежнасьць. З чужой мовай яны прыймаюць чужыя звычаі, і для свайго племя стаюцца згубленымі.
Таксама Францішак Багушэвіч на пастаўленае сабою ў зборніку Дудка беларуская ў 1891 г. пытаньне: гдзе-ж цяпер Беларусь? сам і адказаў: Там, браткі, яна, гдзе наша мова жывець.
Гэта мова сталася важным фактарам калі не юрыдычнага, дык фактычнага прызнаньня беларусаў як народу царскім урадам у 1897 г., у час перапісу насельніцтва Расейскае iмпэрыі.
Язэп Лёсік у 20-х гадох мінулага стагодзьдзя паўтараў сваім студэнтам, што мова вызначае палітыку, эканоміку й грамадзкі лад жыцьця.
Ніна Баршчэўская