Каля 2,5 тысяч людзей прыняло ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” ў Горадні. Калёна дэманстрантаў прайшла, пляскаючы ў далоні, ад Савецкай плошчы да вуліцы Элізы Ажэшкі й Парку Жылібэра.
Плошчы Леніна й Савецкая ў Горадні напярэдадні акцыі маўклівага пратэсту былі загадзя агароджаны мэталёвымі турнікетамі. І, калі плошча Леніна пуставала, там усталёўвалі сцэну для так званага Дня Незалежнасьці, дык на Савецкай плошчы ўлады разгарнулі кірмаш. Аднак жадаючых праходзіць праз мэталашукальнікі, каб папіць піва, аказалася няшмат. Людзі зьбіраліся па-за агароджай паабапал праезджай часткі.
Спадар: Зразумела, так як і ўсе астатнія людзі. Цёплы вечар, прыгожы, вось гуляем. Ну й адначасова выказваем свае адносіны да той сітуацыі, якая склалася. Ну, ня вельмі добра й ня вельмі прыемна зараз на Беларусі. Таму я лічу, што неабходна быць тут – выказаць свае асабістыя думкі й пачуцьці хаця б такім чынам.
Акцыя прывабіла вялікую колькасьць журналістаў, блёгераў ды звычайных людзей. Фатографа Аляксандра Саенку затрымлівалі на папярэдніх акцыях.
Аляксандар Саенка: Мінулы раз мяне забралі. Хаця я нічога не рабіў, проста стаяў. Я ўвесь час гуляю ў цэнтры гораду па вечарах. І гэтым разам вырашыў прагуляцца...
Як вы лічыце: такія акцыі патрэбны? Які іх сэнс?
Аляксандар Саенка: Я думаю, яны патрэбны для народу, каб дзяржава бачыла, колькі выходзіць людзей на вуліцы! Такім чынам, нешта павінна зьмяніцца!
За пратэстуючай публікай назіралі супрацоўнікі спэцслужбаў, вяліся відэаздымкі. У якасьці дапамогі ўлады выкарыстоўвалі БРСМаўцаў і залежных супрацоўнікаў прадпремстваў, бюджэтнай сфэры. Яны былі ў чырвоных й зялёных кепках. Урэшце, дэманстранты спантанна выстраіліся ў калёну й прайшлі пляскаючы ў далоні па вуліцы Савецкай.
Спадарыня: Гэта ўзьнікла спантанна, гэтая акцыя незадаволеных гэтай уладай. І бачна, што кожным разам усё больш і больш. І гэта цудоўна! Няхай яна бачыць і баіцца, што людзі яе не падтрымоўваюць. Такога ў Горадні не было хіба з 1994-96 гадоў. І зараз вось гэтае шэсьце па пешаходнай вуліцы Савецкай – уся ж вуліца й плошча запоўнена – гэта цудоўна!
У акцыі прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый, грамадзкіх суполак, незалежных прафсаюзаў, дзеячы непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, як Ігар Банцар
Ігар Банцар: Я спачатку ня верыў, што гэтая акцыя мае сэнс. Але, калі першы раз сядзеў у арышце, дык не патрапіў. Другі раз таксама не даехаў – міліцыя затрымала. Па Беларускім тэлебачаньні, па лукашэнкаўскім, ужо так палівалі брудам, што я вымушаны быў прыйсьці сёньня й вельмі задаволены, што гэта акцыя супраціву, пакаёвая абсалютна па-сутнасьці. Я мяркую, што патэнцыял ёсьць, і выдатна, што людзі выходзяць, пераадольваюць страх, гэтыя запужваньні...
На колькі вы ацэньваеце колькасьць удзельнікаў?
Ігар Банцар: Я хачу сказаць, што ўлады самі справакавалі шэсьце, бо закрылі плошчу, не пусьцілі людзей. Усе сабраліся каля плошчы й потым было натуральна, што ўсе пайшлі па вуліцы Савецкай. І, калі я азіраўся ўперад і ўзад, дык тысяча ішла напэўна. Я даўно ня памятаю такіх шэсьцяў, у 90-я гады й на пачатку 2000-х такія маніфэстацыі былі велізарныя ў Горадні. Так што выдатная падзея й я вельмі рады, што прыйшоў!
У Горадні акцыя маўклівага пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” прайшла спакойна й без брутальных затрыманняў. Адзіным інцыдэнтам сталася кароткатэрміновае затрыманне віцэ-старшыні апальнага Саюзу палякаў Беларусі Рэнаты Дземянчук. На яе склалі адміністрацыйны пратакол. Праўда, не за акцыю пратэсту, а ўдзел у падтымцы журналіста Анджэя Пачобута днём раней перад будынкам суду Ленінскага раёну Горадні.
Вацлаў Галімскі, Горадня