• Польскіх дыпляматаў пазбаўляюць будынку амбасады
  • 30.06.2011

Дыпляматаў польскай амбасады ў Менску папрасілі вызваліць будынак па вуліцы Румянцава, які амбасада арэндавала шмат гадоў. Афіцыйная прычына — скончыўся тэрмін арэнды.
Польскі амбасадар Лешак Шарэпка паведаміў журналістам, што атрымаў паведамленьне аб неабходнасьці перасяленьня дыпмісіі адразу па прыезьдзе ў Беларусь.

 „Шчыра скажу, я спрабаваў на гэты конт дамовіцца з МЗС Беларусі, спрабаваў дамовіцца пра сустрэчу ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Але на ноту, якую мы накіравалі два месяцы таму, адказу не атрымалі. Аднак будзем спрабаваць вырашыць гэтую сытуацыю”, заявіў дыплямат.


Амбасадар паведаміў  пра пляны будовы ўласнага будынку, якія будуць рэалізавацца цягам 3-4 гадоў. У кароткатэрміновай пэрспэктыве дыпляматычная місія можа мець праблемы. У цэнтры Менска цяжка знайсьці месца, куды можна перасяліць амбасаду, паколькі амаль усе будынкі занятыя муніцыпальнымі службамі ці дзяржструктурамі.

Варта адзначыць, што ў будынку па вуліцы Румянцава польскае консульства знаходзілася нават у часы БССР.


кр/Народная Воля