• Пагадненьне неаб’яднаных палітыкаў (аўдыё)
  • Audio3.81 MB
  • 30.06.2011

Шэсьць палітычных структур –  Рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», АГП, партыя левых “Справядлівы сьвет”, партыі БХД і БНФ заявілі аб стварэньні плятформы для сумесных дзеяньняў.

Лідары апазыцыйных палітычных структур падпісалі пагадненьне аб каардынацыі сумеснай дзейнасьці, а таксама патрабаваньне да ўладаў вызваліць палітзьняволеных.

Анатоль Лябедзька: Сёньня мы гаворым толькі пра падмурак. Што з гэтага будаўніцтва атрымаецца – залежыць толькі ад нас. Мы хочам, каб аб'яднаньне дэмакратычных сіл праходзіла менавіта праз канкрэтную сумесную працу, а ня толькі праз сустрэчы.

Палітык заявіў, што падпісанты пагадненьня змаглі паразумецца па двух пытаньнях: першаснае патрабаваньне вызваліць палітычных вязьняў і патрабаваньне стварыць умовы для правядзеньня свабодных дэмакратычных выбараў.

Сяргей Калякін: Абсалютна зразумела, што мы не ствараем новае палітычнае аб’яднаньне, ідэалёгія можа быць у палітычнага аб’яднаньня. Існуе кааліцыя й сумеснае пагадненьне ў абсалютна розных партый, структур, якія вызнаюць розныя й часам нават супярэчныя ідэалёгіі. У нас супадаюць першапачатковыя мэты. Мы разумеем, што сёньня рознасьць ідэалёгій нам не перашкаджае змагацца зь цемрашальствам і дыктатурай, што ёсьць у краіне. Сёньня ў 70 працэнтаў грамадзтва ёсьць кансэнсус, што гэтая ўлада сябе вычарпала й мусіць сысьці. І створаная сыстэма, што трымаецца на страху й гвалце, сябе вычарпала й не дазваляе разьвівацца. Яе трэба зьмяніць.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў крызысе сёньня знаходзіцца не толькі краіна і ўлада, але ў пэўнай ступені й апазыцыя. “Гэта адбылося таму, што мы слаба аб'яднаныя. Нам неабходна накіраваць сумесныя дзеяньні на дэмантаж сёньняшняй сыстэмы ўлады, першы крок да чаго — правядзеньне свабодных выбараў”, — сказаў палітык.

Аляксандр Мілінкевіч: Умоваю мусіць быць вызваленьне й рэабілітацыя палітвязьняў. Другое: сказаць уладзе “давайце лічыць галасы разам”. Дзьве ўмовы, калі яны не выкананыя, то я мяркую, што апазыцыі ня варта хадзіць на выбары. Важна, каб і міжнародная дэмакратычная супольнасьць таксама папярэдне сказала, што калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, то сюды ніхто не прыедзе назіраць, і нават разглядаць ня будуць, добрыя ці дрэнныя выбары.

Аўтары пагадненьня мяркуюць, што ў Беларусі неабходна правесьці поўнамаштабную палітычную рэформу. “Адзіным сьведчаньнем правядзеньня такой рэформы могуць стаць празрыстыя выбары, дэмакратычны характар якіх быў бы прызнаны як усімі палітычнымі сіламі і ўдзельнікамі электаральнага працэсу унутры Беларусі, так і міжнароднымі арганізацыямі. Такія выбары дазволілі б сфарміраваць паўнамоцны парлямэнт і адказны перад народам урад, які б змог правесьці неабходныя эканамічныя рэформы, — гаворыцца ў дакумэнце. “Эканамічны крызыс быў абвостраны крызысам палітычным. Сыстэматычныя парушэньні вышэйшым кіраўніцтвам краіны заканадаўства, скіраваныя на ўзмацненьне рэжыму асабістай улады, прывялі да празьмернай канцэнтрацыі паўнамоцтваў у руках аднаго чалавека, разбурэньня балянсу галінаў улады”, напісана ў заяве.

Удзельнікі пагадненьня гавораць, што іх кансалідацыя мае адкрытую форму й яны чакаюць салідарнасьці й паразуменьня зь іншымі партыямі й арганізацыямі.

Анатоль Лябедзька: Гэта не азначае, што гэтая канфігурацыя – канчатковая. Мы будзем выносіць гэты дакумэнт на ратыфікацыю ў шырокае кола, на Нацыянальную раду, будзем прапаноўваць канкрэтным суб’ектам далучацца. Ніхто не выбірае, хто тут галоўны, а хто не.

Падпісанты пагадненьня не зрабілі гучных заяў, не было названа й канкрэтных стратэгічных плянаў, апроч намеру працаваць разам, “аб’яднаць свае сілы”.

А лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін заявіў, што апазыцыя знаходзіцца “ў кантакце зь ініцыятарамі акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”.

Марыя Кароль