• Дыплямат: Самаізаляцыя Беларусі ўзрасла
  • 30.06.2011

1 ліпеня старшынства ў Эўразьвязе пераходзіць ад Вугоршчыны да Польшчы. Пасол Вугоршчыны Фэрэнц Контра, ацэньваючы дасягненьні краіны менавіта ў рэчышчы разьвіцьця адносінаў ЭЗ і Беларусі, назваў апошні год “часам страчаных магчымасьцяў”.

Кіраўнік  прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль з гэтай нагоды працытаваў вярхоўнага прадстаўніка па зьнешняй палітыцы й палітыцы бясьпекі ЭЗ Кэтрын Эштан.

Жан-Эрык Хольцапфель: Прадстаўніцтва Эўразьвязу у Беларусі будзе ўмацоўваць адносіны з беларускім народам, ЭЗ і надалей ва ўзаемаадносінах зь Беларусьсю будзе прытрымлівацца палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня. Паглыбленьне адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю будзе залежаць ад вызваленьня ўсіх палітзьняволеных, павагі дэмакратыі, вяршэнства закона й правоў чалавека.

Пасол Вугоргчыны Фэрэнц Контра заявіў, што падчас старшынства яго краіны ў Эўразьвязе пасольства гэтай дзяржавы ў Беларусі не змагло дасягнуць пазытыўных вынікаў.

Фэрэнц Контра: У Беларусі мы не дабіліся посьпеху. Апошні год яна дыстанцынуецца ад Эўразьвязу. У выніку вядомых падзей 19 сьнежня самаізаляцыя краіны ўзрасла. Нашыя ініцыятывы весьці дыялёг у Менску, сустрэцца зь кіраўніком МЗС, яго калегамі былі адрынутыя. Нам прапаноўвалі сустрэчы на ўзроўні намесьніка начальніка аддзела, але гэты ўзровень недастатковы для такога роду перамоў. Гэта пэрыяд страчаных магчымасьцяў для Беларусі. Я вельмі шкадую, я б зь вялікім задавальненьнем працаваў, рабіў бы ўсё, каб адносіны паміж Беларусьсю й ЭЗ умацоўваліся, але партнэра для гэтага не было.

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэрка зазначыў, што ня бачыць нейкіх прывілеяў у тым, што краіна будзе паўгода старшынстваваць у Эўразьвязе.

Лешак Шарэпка: Гэта роля каардынатара, роля краіны, якая арганізуе працу амбасадаў тут. Я ня бачу нейкіх пераваг у гэтым, бо краіна мусіць улічваць меркаваньні ўсіх краін-членаў ЭЗ, і гэта ў нейкай ступені нават перашкаджае рэалізацыі нацыянальнай палітыкі.

Польшча ў пэрыяд свайго старшынства ў Эўразьвязе абрала некалькі стратэгічных ліній: гэта праца ў рэчышчы стварэньня адзінага рынку, бясьпека Эўропы й разьвіцьцё палітыкі суседзтва, пашырэньне Эўразьвязу праз палітыку адкрытасьці.

Лешак Шарэпка: Ідэя Ўсходняга партнэрства, каб адкрывацца на Ўсход... Падчас нашага старшынства мы будзем гэтую ідэю імкнуцца прасоўваць. Галоўная мэта Ўсходняга партнэрства – падрыхтаваць усходнія краіны, іх эканоміку адказваць на сучасныя выклікі.

Камэнтуючы эканамічныя санкцыі ЭЗ у адносінах да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, пасол Польшчы падкрэсьліў, што гэта ўзгодненая пазыцыя краін-сябраў ЭЗ.

Лешак Шарэпка: Гэта не рашэньне кіраўнікоў мясцовых дыпмісій, а ўзгодненае рашэньне кіраўнікоў МЗС усіх 27-мі краін Эўразьвязу, і яго падтрымалі 8 краін, што цесна супрацоўнічаюць з ЭЗ. Гэта вельмі ясны сыгнал кіраўніцтву Беларусі, што палітыка, якая праводзіцца яе ўладамі, нам не падабаецца, што яе неабходна зьмяніць.

Пасол Вугоршчыны Фэрэнц Контра расказаў пра факты ціску на прадстаўнікоў дыпляматычнай місіі, пракамэнтаваў факт зьяўленьня ў чэрвені ў інтэрнэце відэароліка: як мяркуецца, на відэа была зьнятая размова жонкі пасла Іны Контра падчас сустрэчы з палюбоўнікам у аэрапорце Італіі. 

Фэрэнц Контра: На вуліцы за намі невядомыя людзі ганяюцца з тэлекамэрамі, не прадстаўляюцца. І для многіх з нас гэта пытаньне ўласнай бясьпекі. Падчас розных сустрэч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі перад нашым пасольствам зноў зьявіліся людзі з тэлекамэрамі. Гэтая практыка недазваляльная ў міжнароднай практыцы. Пасьля ад’езду двух маіх калег чарга дайшла да мяне. Гэта прыватнае, гэта тычыцца толькі маёй жонкі й мяне. Мы гэта абмеркавалі, тут абмяркоўваць няма чаго. Мая жонка - дарослы чалавек і мае права сустракацца зь кім заўгодна й калі заўгодна. Я б хацеў з вашай дапамогай знайсьці адказы: хто ў Беларусі мае магчымасьць некалькі месяцаў сачыць за дыпляматам? Здымаць яго днём і ноччу ў рэстаранах, кавярнях? Хто можа праслухоўваць мабільныя тэлефоны? Хто мае рэсурсы паехаць за дыпляматам за мяжу й здымаць яго схаванай камэрай? Каму гэта выгадна? Каму не спадабалася наша дзейнасьць на пасадзе старшыні ЭЗ, каму не спадабалася наша функцыя прадстаўніка ЭЗ па правах чалавека?

Дыплямат заявіў, што яго звальненьня такім чынам ніхто не даможацца.

Фэрэнц Контра: Сваю сям’ю й сваю жонку я буду абараняць чаго б гэта не каштавала. Падаваць у адстаўку я ні за што не зьбіраюся. Гэтыя фокусы не пройдуць.

Дыплямат падкрэсьліў, што МЗС Вугоршчыны запатрабавала неадкладна спыніць практыку ціску на прадстаўнікоў дыпмісіі, “інакш будуць наступствы”. МЗС Эўразьвязу заняло аналягічную пазыцыю. Вугорскае дыпведамства заявіла, што згаданы інцыдэнт зьяўляецца грубай правакацыяй і вынікам працы спэцслужбаў Беларусі.

Марыя Кароль